Гродзенскую вобласць засыпаў снег, на дарогах аварыі - і сіноптыкі абяцаюць працяг. ДАІ ўвяла план «Надвор'е» і прапануе дапамогу, а ў Triniti просяць карыстацца ніжнімі паркоўкамі, каб не слізгаць на ўздымах.
Абноўлена. За папярэднія суткі супрацоўнікі абласной ДАІ зафіксавалі 19 ДТЗ. З іх 11 адбыліся ў Гродне і яго прыгарадзе. Прычына большасці - невыкананне дыстанцыі і выбар небяспечнай хуткасці. Некалькі аўтамабіляў апынуліся за межамі дарогі.
Снегапад у першы працоўны дзень пасля свят прынёс шмат праблем: аварыя з вылетам у кювет і пераваротам была на трасе М6, у кювет вылецелі машыны па дарозе на Гожу і на аб’язным кольцы ў бок Паўднёвага. Аварыя здарылася на Гарнавых. За Воўпай па дарозе на Ваўкавыск часова перакрывалі дарогу, каб дастаць з кювета мікрааўтобус. На Фолюшы сутыкнуліся адразу тры аўтамабілі.
На паркоўцы ў Triniti мінівэн пашкодзіў бампер аб агароджу: спрабаваў заехаць на верхні ярус паркінга з боку праспекта Кляцкова, але забуксаваў на лёдзе. У адміністрацыі ТРК Triniti просяць праз умовы надвор’я часова карыстацца ніжнімі ўзроўнямі парковак, піша «АвтоГродно».
Бліжэй да вечара на трасе М6 паміж 269 і 270 км, на першым спуску з Гродна, на адбойніках заўважылі Nissan Primera. У машыне нікога не было. Тры колы былі паднятыя ў паветра, у салоне запацелыя шкла, уключаная аварыйка. Іншыя машыны спыняліся, каб дапамагчы, з-за гэтага складаліся аварыйныя сітуацыі, паведамілі чытачы «АвтоГродно». Сведкі выклікалі ДАІ.
На праспекце Лебедзева каля «Хімвалакно», падобна, машына выехала на сустрэчную.
@tatiana.s_ ♬ оригинальный звук — melodia_tvoei_dushi
Увялі план «Надвор'е»
На большай тэрыторыі Гродзенскай вобласці з-за снегападу 3 студзеня ДАІ ўвяла план «Надвор'е». Супрацоўнікі ДАІ кругласутачна манітораць стан вулічна-дарожнай сеткі і суправаджаюць снегаўборачную тэхніку. На дарогі вывелі дадатковыя нарады. У ДАІ просяць выконваць бяспечную хуткасць і дыстанцыю, быць уважлівым пры праездзе пешаходных пераходаў, закругленняў дарог і скрыжаванняў. Пешаходам раяць пераходзіць дарогу, толькі пераканаўшыся, што ўсе аўтамабілі паспелі спыніцца. Ва ўмовах недастатковай бачнасці лепш выкарыстоўваць святлоадбіўныя элементы.
Нарады ДАІ гатовы дапамагаць кіроўцам і пешаходам, якія трапілі ў цяжкую сітуацыю на дарозе. У гэтым выпадку прапануюць тэлефанаваць 102.
Энергетыкі рыхтуюцца да праблем
«Гроднаэнерга» перайшло ў рэжым падвышанай гатовасці: маразы і шквалісты вецер могуць сур’ёзна пашкодзіць лініі электраперадач. Энергетыкі адсочваюць надвор’е ў рэальным часе, і пры неабходнасці прыцягнуць дадатковыя рамонтныя брыгады. На прадпрыемстве каля 20 аварыйна-выратавальных брыгад. У кожным раёне кругласуткавна дзяжурыць свая брыгада.
Гродзенцаў паклікалі з-за стала — за лапату
Дарогі апрацавалі супрацьгалалёднымі матэрыяламі яшчэ 1 студзеня. У горад вывелі каля 30 адзінак пескаразкідальнай і снегаўборачнай тэхнікі і больш за 110 дворнікаў, паведамілі на «Гродна Плюс» яшчэ 2 студзеня. Камунальныя службы перавялі на ўзмоцнены рэжым працы, тэхніка працуе кругласутачна.
У дварах на ўборцы снега працуюць 240 дворнікаў і 20 адзінак тэхнікі.
Гродзенцам прапанавалі «адысці ад навагодняга застолля і далучыцца да традыцыйных зімовых забаў» — чысціць парковачнае месца і двор.
Чытайце, як гэта было год таму: У Гродзенскай ДАІ ёсць прэтэнзіі да камунальнікаў: тыя дрэнна чысцілі вуліцы ў снежні
Снегу стане яшчэ больш
На 4 студзеня сіноптыкі абяцаюць воблачнае надвор’е з ападкамі. У Гродне будзе ісці снег, мокры снег, магчымы дождж. Верагоднасць ападкаў 80−90%, слабы галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра -5.-7°C. Вецер усходні, 4—9 м/с.
Снежнае надвор’е накрыла амаль усю Беларусь, а ў Брэсцкай вобласці аб’явілі аранжавы ўзровень небяспекі праз ліпкі снег і галалёд.
Чытайце таксама: Стала прасцей даведацца, хто павінен чысціць снег у вашым двары: з’явілася інтэрактыўная карта Гродна