Навіны

Экалагічны Новы год: як упрыгожыць горад і не нашкодзіць асяроддзю — адказ у падкасце

Беларускія гарады перад зімовымі святамі ўпрыгожваюць з размахам: ставяць ялінкі на цэнтральных плошчах, аздабляюць дрэвы ў парках, усталёўваюць светавыя кампазіцыі. У гэтым годзе па ўсім Гродне ўсталявалі 10 вялікіх ялінак, а святочная ілюмінацыя асвятляе ўвесь цэнтр і нават некаторыя мікрараёны. У чым праблема ўсёй гэтай прыгажосці? Чаму экаактывісты раяць быць больш сціплымі? Разам з прадстаўніцай арганізацыі «Зялёны тэлефон» Палінай Бурко разабраўся падкаст «Утульны горад».

Слухайце падкаст пра (не)экалагічны Новы год цалкам або чытайце ў вялікім скароце асноўныя тэзісы ніжэй.

Светлавое забруджванне і чырвона-зялёная ілюмінацыя

У беларускіх гарадах заўсёды было шмат святочных упрыгожанняў. Час да часу яны спалучаюцца адно з адным і ўзнікае адчуванне нейкай аляпаватасці ад сумяшчэння розных колераў і стыляў. У апошнія гады да гэтых упрыгожанняў сталі дадаваць яшчэ больш колеравай разнастайнасці. Пасля падзей 2020 года дзяржаўная ідэалогія раптам пачала пранікаць нават у калядныя інсталяцыі. Па ўсіх беларускіх гарадах з’явіліся фігуры снегавікоў з чырвона-зялёным сцягам, а на будынках дзяржаўных арганізацый з’явілася чырвона-зялёная падсветка.

Навагодняя ілюмінацыя ў гарадах Беларусі. Фота: msvet.by

Такое мноства колераў блага ўплывае на нашае самаадчуванне, кажа Паліна Бурко. Але мільгаценне ў вачах — не адзінае наступства. Празмернае начное асвятленне выклікае эфект светлавога забруджвання: звычнага чорнага неба з зорамі мы ўжо не бачым. Не бачаць яго таксама начныя жывёлы і птушкі, якія губляюць арыентацыю ў прасторы.

Кіламетры ліхтарыкаў выдаткоўваюць шмат электрычнасці, а калі гірлянды ламаюцца — паўстае пытанне іх утылізацыі. У гірляндах шмат цяжкіх металаў і пластыку — і гэта праблема.

Як салюты шкодзяць прыродзе

Яшчэ з большай антыпатыяй эколагі ставяцца да феерверкаў, якія таксама часта маюць у сваім складзе цяжкія металы. Пасля прыгожых выбухаў тыя металы трапляюць у глебу і ваду. Ды і самі выбухі суправаджаюцца выкідам вуглякіслага газу ў паветра. Хаця вуглякіслага газу і так нямала была выкінута ў паветра ў час вытворчасці гэтых выбуховых канструкцый.

Фота з архіву Hrodna.life

Каляровыя выбухі моцна палохаюць птушак і звяроў, якія ў шокавым стане выбягаюць на дарогу, трапляюць пад аўтамабілі ці б’юцца аб сцены будынкаў. Паліна Бурко ўвогуле выказваецца за заканадаўчую забарону салютаў.

Смецце: што застаецца пасля свята

Колькасць смецця, якая застаецца пасля Новага года, таксама ў разы большая за звычайную. Да таго ж, нават свядомыя грамадзяне і грамадзянкі, якія звыклі сартаваць смецце, забываюцца пра гэта падчас святаў.

На галоўных плошчаў гарадоў, дзе ноччу адбываецца забаўляльная праграма, застаецца шмат пластыкавых кубачкаў ад глінтвейну. Нашмат больш экалагічна было б заахвочваць гараджан прыходзіць са сваімі кубачкамі, а таксама паставіць на плошчы скрынкі для асобнага збору адкідаў, каб пластык адразу накіроўваўся ў сметніцу з пластыкам.

Гродна. Плошча Леніна ў снежні 2023 года. Фота: Леанід Шчаглоў, belta.by

Што датычыцца галоўнага сімвалу Новага года — ялінкі — варта абіраць жывую елку. Прадпрыемству лепей высадзіць елкі на сваёй тэрыторыі, каб раз на год упрыгожваць іх, а для дома і офісу лепш за ўсё пасуюць ялінкі ў кадках, якія можна ўзяць у арэнду. Напрыклад, такую паслугу ў Гродне прадастаўляе фермерскай гаспадарка «ЭкоЁлочка».

Хаця эколагі крытыкуюць такую эксплуатацыю рэсурсаў, усе разумеюць, што шкодна забараняць людзям радавацца святу пасярэд цёмных зімовых дзён. Аднак спецыялісты і спецыялісткі ў сферы аховы навакольнага асяроддзя заклікаюць не выкарыстоўваць каштоўныя рэсурсы марна, абіраць больш даўгавечныя матэрыялы для аздабленняў і не забывацца сартаваць смецце нават у святы.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Банкруціцца гродзенская IT-кампанія, якая супрацоўнічала з фірмамі з Канады і ЗША

Гродзенская IT-кампанія "Цэнтр Прагрэсіўных Распрацовак" падала заяву аб банкруцтве. Доўг фірмы - амаль 302 тыс.…

12 мая 2025

Гатовы бізнэс: на «Куфар» прадаюць бота для запісу на польскую візу

На пляцоўцы «Куфар» з'явіліся аб'явы аб продажы гатовых ботаў, якія дапамагаюць адшукаць і заняць вольныя…

12 мая 2025

У Гродне прадаецца рэстаран «Сант Микеле»: прапрацаваў 2 гады

Італьянскі рэстаран "Сант Микеле" з піцамі і элементамі малекулярнай кухні выставілі на продаж. Пра прычыны…

12 мая 2025

У Поразаве адкрыюць Дом банкухі. Яна прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю

У найбліжэйшыя месяцы ў Поразаве плануюць адкрыць Дом банкухі. Тут можна будзе паўдзельнічаць у майстар-класе…

10 мая 2025

На ўліку — 30 чалавек. Міліцыя ўладковае на сезонныя працы былых зняволеных

Міліцыя Гродна адпраўляе адбыўшых пакаранне на працы ў Гродзенскую агароднінную фабрыку. Зараз на ўліку ў…

10 мая 2025

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру на 16 паверсе з ільвом і дэкаратыўным камінам

На Дзевятоўцы прадаюць трохпакаёвую кватэру на апошнім паверсе 16-павярховага дома. Акрамя шыкоўнага выгляду на палі…

10 мая 2025