Праўда, саму рэканструкцыю «Юнацтва» раней хацелі да канца 2023 года ўжо скончыць, пасля — у жніўні 2023 прынамсі пачаць.
Зараз на абследаванне канструкцый палаца вылучаць 34 тыс. руб. На дзяржзакупку звярнуў увагу канал Urban Hrodna.
Бюджэт на капрамонт палаца разлічвалі яшчэ год таму:
- вясной 2022 на яго закладалі 8,43 млн руб.,
- у лістападзе 2022 — ужо да 24 млн руб., з іх 420,78 тыс. руб. мусіла пайсці на распрацоўку праектна-сметнай дакументацыі.
Навошта правяраць «Юнацтва»
Стан будынка вырашылі праверыць у сувязі з запланаваным павелічэннем нагрузкі на яго элементы. Будуць абследаваць тэхнічны стан падмуркаў, падлогі, сцен, калон, пакрыццяў, перакрыццяў, эвакуацыйных лесвіц і даха:
- падмуркі правераць дзеля ўладкавання новых спускаў у падвал і ўсталявання ліфта,
- пакрыцці і перакрыцці - каб высветліць, ці вытрываюць яны ўцяпленне даху, замену канструкцый падлог, уладкаванне перагародак, і тэхнічнае пераабсталяванне,
- нясучую здольнасць знешніх і ўнутраных сцен — для ўладкавання новых і пашырэння існых праёмаў і ўладкаваннем ліфта,
- сцілабат (рампу) — каб вызначыцца з ўладкаваннем апор кран-бэлькі.
Трываласць бетону вызначаць механічнымі прыборамі, кладкі - ультрагукавымі і ўдарна-гукавымі метадамі. Па выніках складуць тэхнічную справаздачу.
Абследаванне мусяць правесці да 30 студзеня 2024.
Што плануюць рабіць у часе рамонта
Паводле перадпраектнай дакументацыі, у палацы збіраюцца пераабсталяваць сцэну, сістэмы гукаўзмацнення і пастановачнага асвятлення залы і фае, тэхнічна пераабсталяваць іншыя сістэмы. Будзе асобны дызайн-праект для глядацкай залы, хола і вестыбюля. У фае другога паверха і на фасадзе заменяць вітражы, рэканструююць дах.
У двары збудуць павільён для захоўвання частак мабільнай сцэны і дэкарацый, уладкуюць паркоўкі і дзіцячую пляцоўку. Праект прадугледзіць чатыры чаргі будаўніцтва.
Апошнія гады будынак належаў ГрДУ, вясной 2022 перайшоў да Гарадскога цэнтра культуры, тады і задумаліся над рамонтам. На той момант там ужо 12 гадоў не праходзіла канцэртаў, але ў 1980−90-х гэта была папулярная пляцоўка. Там выступаў Lady Pank і іншыя вядомыя выканаўцы.