Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы хоча перавесці фізіка-тэхнічны факультэт з вуліцы Урублеўскага на Паповіча. Там ужо плануюць мадэрнізацыю будынка. Былая студэнтка фізтэха Марыя Седышова распавяла Hrodna. life, чаму з восені 2021 года вучыцца ў корпусе стала немагчыма.

Дворец культуры "Юность". Фото: Яндекс.Карты
Былы палац культуры «Юнацтва» дзе пакуль размяшчаецца фізіка-тэхнічны факультэт ГрДУ. Фота: Яндекс. Карты

«У любы момант што-небудзь можа зваліцца на галаву»

Будынак на Урублеўскага, 33 дзе пакуль яшчэ знаходзіцца фізтэх, гэта былы палац культуры «Юнацтва». З пачатку 2010-х там не праводзіліся канцэрты, будынак не рамантавалі.

Па словах Марыі, будынак сапраўды ў дрэнным стане: як звонку, так і ўнутры.

«Я лічу, што для навучання, для знаходжання там студэнтаў і выкладчыкаў гэты будынак не прыдатны. Галоўны корпус, дзе „жыве“ рэктар Ірына Кітурка і яе кампанія, выглядае вельмі прыгожа. Як нейкі палац, дзе ўсё вылізана, чысценька і акуратненька. А наш будынак — проста развалюха нейкая. Там страшна знаходзіцца, бо ў любы момант што-небудзь можа зваліцца на галаву».

Фізтэх ГрДУ пераедзе на Паповіча. Студэнтка: “У старым будынку немагчыма вучыцца”
Палац культуры «Юнацтва» у савецкія часы. Крыніца: oldgrodno. by

Рэктар: У тым, што корпус страшэнны, вінаваты самі студэнты

Зімой 2021 года на факультэце адбылася сустрэча студэнтаў з рэктаркай Ірынай Кітуркай. У час размовы рэктарка звярнула ўвагу на тое, што корпус фізтэха — самы занядбаны з усіх.

«Я тады запыталася ў яе, а хто ці што з’яўляецца галоўнай прычынай, што наш корпус самы страшны. І яна адказала: „Вы, студэнты“. Пытанняў больш не было. Я тады была на першым курсе і я не зразумела, што я зрабіла такога, што корпус цяпер развальваецца», — распавяла Марыя.

Большую частку факультэта заняў цэнтр культуры

У верасні 2021 года большую частку «Юнацтва» занялі людзі з Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры. Плануецца, што былы палац культуры адновяць і ён стане пастаяннай сядзібай цэнтра. Аднавіць сцэну ды іншыя памяшканні «Юнацтва» плануюць да канца 2023 года.

Корпус ГрДУ пераедзе ў былыя памяшканні Цэнтра культуры на Паповіча, 50. Але пакуль рамонт у ім яшчэ нават не пачаўся, а таму студэнты павінныя ўжавацца ў адной прасторы з музыкамі і танцорамі.

Фізтэх ГрДУ пераедзе на Паповіча. Студэнтка: “У старым будынку немагчыма вучыцца”
Былы «Гродзенскі цэнтр культуры» на Паповіча, 50. Туды павінен пераехаць фізіка-тэхнічны факультэт ГрДУ. Крыніца: wikimapia.org

«Яны вельмі перашкаджалі нам. Мы вывучалі фізіку і вышэйшую матэматыку ў другую змену. Яны спявалі ў мікрафон, скокалі, грукаталі ў суседніх аўдыторыях. Было проста немагчыма нармальна вучыцца, — узгадвае Марыя. — Колькасць аўдыторый скарацілася, прасторы для студэнтаў стала менш. Большую частку другога і трэцяга паверхаў у нас адабралі. У нас і так не было практычна прасторы, дзе студэнты маглі б на перапынках адпачываць, а тут увогуле нічога не засталося».

Напісала рэктарцы і раззлавала дэкана

У лютым 2022 года Марыя напісала электронны зварот рэктарцы ўніверсітэта. Але яго накіравалі да дэкана фізіка-тэхнічнага факультэта Генадзя Гачко.

«Ён вельмі раззлаваўся. Ён перавярнуў усё так, быццам мне не падабаецца расклад і трэба пераставіць заняткі на першую змену. А ў маім звароце ўвогуле не было ніводнага пытання пра расклад. Сэнс быў зусім у іншым», — сказала Марыя.

Да дэкана выклікалі аднагрупнікаў, а не Марыю

Пасля зварота Генадзь Гачко выклікаў да сабе на размову не Марыю, а яе аднагрупнікаў.

«Ён запытваўся ў іх, чаму я не падыйшла да яго з гэтай праблемай, не запыталася дазволу адправіць зварот рэктару і наогул добра, што я не дабралася да прэзідэнта», — сказала Марыя. Пытанняў наконт вучобы да яе не было. Затое былі пытанні пра погляды. «Калі я хачу працаваць у сферы адукацы [Марыя навучалася на настаўніка фізікі - заўв. Hrodna.lifе], то я павінна падтрымліваць беларускую ідэалогію», — перадала Марыя словы дэкана.

Гачко паказаў студэнтам план новага корпуса і распавёў, што там усё будзе «цудоўна і прыгожа».

«Ён сказаў, што мяне таксама выклікае на размову, але не выклікаў. Таму што мяне затрымалі 27 лютага [у дзень рэферэндуму — Hrodna.life]. Не паспеў», — заўважыла Марыя.

Зрабілі вымову за пропускі, адлічылі за невыкананне абавязкаў

Пасля затрымання дзяўчына была вымушана пакінуць Беларусь і з’ехаць за мяжу. Пад пагрозай крымінальнай справы Марыя не мела магчымасць хадзіць на заняткі.

«Паколькі я не збіралася адлічвацца з універсітэта, я бегла ад турмы, то я не пісала ніякіх заяў. Таму мне зрабілі вымову за пропускі, а затым адлічылі за сістэматычнае невыкананне абавязкаў, якое выяўлялася ў парушэнні правілаў унутранага распарадку».

«Ну і нічога, будзем цярпець». Што казалі іншыя студэнты

«Іншыя студэнты таксама скардзіліся, але толькі паміж сабой. Таму што ніхто не хацеў выказвацца на гэты конт публічна. Хтосці баяўся дрэнных наступстваў, камусці проста было ўсё роўна. Ну, перашкаджаюць яны нам, ну і нічога, будзем цярпець», — сказала Марыя.

Чытайце таксама: Гродзенскія ўніверсітэт і цэнтр культуры памяняліся будынкамі. Абодва плануюць буйныя рамонты