Як мінімум 13 медыкаў з Гродна судзілі ў лістападзе за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Рашэнні з’явіліся ў банку судовых рашэнняў. Сярод аштрафаваных — нейрахірург і неанатолаг.

Як правіла, медыкаў па арт. 19.11 КаАП штрафавалі на 10−30 базавых велічынь (370−1100 рублёў). У некаторых таксама канфіскавалі тэлефоны.

Напрыклад, урача-неанатолага і маці малалетняга дзіцяці за падпіску ў Instagram аштрафавалі на 15 базавых велічынь (555 рублёў) з канфіскацыяй мабільнага тэлефона. Нейрахірурга за падпіску на экстрэмісцкі кантэнт «ВКонтакте» аштрафавалі на 25 базавых велічынь (925 рублёў).

Аднаго медыка арыштавалі на трое сутак з канфіскацыяй мабільнага тэлефона.

Таксама судзілі трох медсясцёр, лекара, лекара-тэрапеўта, супрацоўніцу БХМД. Судзілі за падпіскі «ВКонтакте», Facebook і Instagram, рэпосты ў «Одноклассниках», падпіскі на Zerkalo.io і «Официальная группа Хартыя'97», і захоўванне «візуальнай экстрэмісцкай прадукцыі».

Таксама аштрафавалі выкладчыка Гродзенскага дзяржаўнага медуніверсітэта і дыякана царквы «Святло міру» Дзяніса Камягіна.