Навіны

Гродзенкі сталі на калені перад Тускам? Гісторыя аднаго фота і двух фэйкаў

Калі лідара польскай апазіцыі Дональда Туска ў снежні 2023 выбралі прэм’ер-міністрам Польшчы, ізноў выплыла фота з жанчынамі, што стаяць перад ім на каленях. Здымак зроблены ў Гродне ў 2005 годзе. «Наша Ніва» паспрабавала абвергнуць звязаны з ім фэйк расійскай прапаганды, але сама фактычна стварыла новы фэйк. Дык што гэта за фота? Разабрацца Hrodna.life дапамог сведка падзей.

Дональд Туск, які прыехаў у Гродна 1 жніўня 2005 года. Крыніца: instagram.com/backtobelarus

Пра які фэйкі ідзе гаворка

З 2015 года ў інтэрнэце распаўсюджваюць фотаздымак, на якім перад Дональдам Тускам стаяць на каленях нібыта жыхары Кіева. У той час польскі палітык займаў пасаду старшыні Еўрапейскага Савета, а расійскія прапагандысты спрабавалі паказаць, быццам украінцы становяцца на калені перад «польскімі панамі».

Насамрэч фота зроблена не ў Кіеве, а ў Гродне, і не ў 2015, а ў 2005 годзе. Адпаведна на каленях стаяць не кіеўляне, а гродзенцы. І вось тут «Наша Ніва» ў пэўным сэнсе стварыла новы фэйк. Бо людзі сапраўды стаялі на каленях, але зусім не перад Дональдам Тускам.

Навошта людзі стаялі на каленях і адкуль на фота Туск

Фота зроблена 1 жніўня 2005 года. Дональд Туск, тады віцэ-маршалак Сейма, прыехаў у Гродна, каб падтрымаць чальцоў Саюза палякаў Беларусі. Улады акурат адабралі ў іх галоўную сядзібу — будынак на скрыжыванні вуліц 17 Верасня і Дзяржынскага.

«Людзі збіраліся некалькі дзён запар. Ад моманту, калі АМАП увайшоў і забралі Дом Польскі [сядзібу СПБ — Hrodna.life] ў канцы ліпеня. Гэта былі штодзённыя акцыі, людзі прыходзілі і патрабавалі вярнуць дом палякаў, — расказаў Hrodna.life адзін са сведкаў тых падзей. — Дзесьці па-абедзе людзі маліліся і Туск прыехаў, цэлы картэж прыехаў. Ён выйшаў і не мог зразумець, таму яму тлумачылі, што адбываецца».

Паводле яго словаў, там прысутнічала некалькі дзясяткаў міліцыянтаў: у форме і ў цывільным. «Былі супрацоўнікі КДБ і АМАП таксама, наколькі я памятаю». Супрацоўнікі органаў папярэджвалі ўдзельнікаў пікета, што мерапрыемства несанкцыянаванае.

Жанчыны стаялі на каленях яшчэ да прыезду Туска

«Я была ў той дзень у гэтым месцы. Гэтыя жанчыны ўкленчылі не перад Тускам. Яны маліліся на каленях яшчэ з гадзіну да яго прыезду. І перад імі стаялі бусы з амапаўцамі, гатовымі іх разагнаць. І жанчынам было страшна. Туск прыехаў падчас малітвы і гэта значыла, што ў яго прысутнасці іх напэўна не разгоняць. Жанчыны апладзірвалі яго прыезду, але малітвы не спынілі. Тады быў працэс разбурэння Саюза Палякаў, жанчыны штодзень прыходзілі да будынка на вул 17 Верасня і атачалі яго, каб абараніць», — напісала ў каментарах у Telegram-канале Haradzienski карыстальніца I Ch.

«Вы не адныя, Польшча заўсёды будзе з вамі. Калі вы вытрываеце, вы пераможаце», — сказаў Дональд Туск у час сустрэчы і размовы з удзельнікамі пікета.

Атрымліваецца, стаянне на каленях жанчын з Саюза палякаў і прыезд Туска паміж сабой фактычна не звязаныя. Палітык проста прыехаў у час малітвы, прыйшоў побач і проста патрапіў на фота на фоне жанчын. Яны не станавіліся перад Тускам на калені адмыслова.

Што тады адбывалася ў Саюзе палякаў Беларусі

У 2005 годзе скончыўся тэрмін паўнамоцтваў старшыні СПБ Тадэвуша Кручкоўскага. Падчас VI з’езда СПБ у сакавіку 2005 года кіраўнічкай арганізацыі абралі Анжаліку Борыс. Такое рашэнне не спадабалася беларускім уладам. Яны не прызналі вынікі з’езда і заявілі, што на ім адбыліся парушэнні.

У жніўні 2005 года ў Ваўкавыску арганізавалі новы з’езд і новыя выбары старшыні. У выніку СПБ узначаліў Юзаф Лучнік. Новыя вынікі выбараў улады Беларусі прызналі, але кіраўніцтва Польшчы заявіла, што будзе падтрымліваць толькі арганізацыю пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс. Так адзіны Саюз палякаў раздзяліўся на дзве часткі і гэты падзел існуе дагэтуль. У выніку будынак Саюза палякаў Беларусі ў Гродне дастаўся праўладанаму саюзу.

Як адрэагавалі ў праўладным СПБ на прыезд Туска ў 2005

Папярэдні кіраўнік СПБ Тадэвуш Кручкоўскі, які падтрымліваў праўладную частку Саюза, крытычна паставіўся да прыезда Дональда Туска ў Гродна. «Я лічу, што палітык такога ўзроўню, як Туск, павінен прыйсці не з прапагандысцкай кампаніяй, а для таго, каб вырашыць праблему», — сказаў Кручкоўскі.

Дональд Туск падчас размовы з гродзенцамі. Крыніца: poranny.pl

Сам Кручкоўскі не сустрэўся з Тускам, хоць і знаходзіўся ў будынку СПБ, які ахоўвала міліцыя.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродзенец стварыў дакладную копію Фарнага касцёла ў мініяцюры — і друкуе фігуркі на 3D-прынтары

Гродзенец Ігар Апякун канструюе мэблю для круізных лайнераў - стварае прататыпы праз спецыяльную праграму. Ігар…

31 сакавіка 2025

Блогер-гісторык Яўген Аснарэўскі выдаў турыстычны даведнік па Гродне з аўтарскімі маршрутамі

Кніга «Удивительный Гродно» Яўгена Аснарэўскага выйшла ў мінскім выдавецтве «Рыфтур». Даведнік разлічаны і на турыстаў,…

31 сакавіка 2025

У Гродна прыйшоў новы трэнд — ранішнія рэйвы ў кавярнях

Як мінімум дзве гродзенскія кавярні, My Lover Berry і «Крепкий белый», вырашылі апрабаваць новы фармат…

31 сакавіка 2025

Нерухомасць тыдня: на Фолюшы прадаюць кватэру з размаляваным балконам і вокнамі ў парк

Калі вы хацелі жыць у кватэры з уласнай фрэскай, ды яшчэ і блізка да прыроды,…

29 сакавіка 2025

6000 рублёў у месяц можна зарабляць з базавай адукацыяй: спіс вакансій

У Гродне ёсць амаль 600 працоўных месцаў, дзе хопіць базавай адукацыі (9 класаў). Зарабляць там…

29 сакавіка 2025

Улады: гродзенцы за суткі выкупілі кватэры ў новабудоўлі ў Грандзічах

"Гроднажылбуд" 27 сакавіка апублікаваў навіну аб выстаўленні на продаж кватэр у 18-павярховай новабудоўлі ў Грандзічах.…

28 сакавіка 2025