XIV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у 2024 годзе ў Гродне зноў будзе трохдзённы. Асноўнымі датамі стануць 7−9 чэрвеня.
Зараз праходзяць адборачныя туры па абласцях, падзялілася начальніца ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч.
Абласны адборачны тур пройдзе ў Лідзе 2 снежня. Па яго выніках журы вызначыць найлепшыя калектывы мастацкай творчасці сярод прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў, якія жывуць у Беларусі. Яны і прымуць удзел у заключных мерапрыемствах XIV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.
Таксама зараз актыўна збіраюць прапановы па творчых пляцоўках і папярэдняй праграме фестывалю. На ўзроўні рэспублікі правядуць конкурс рэжысёрскіх канцэпцый для канцэрта адкрыцця і закрыцця фестывалю. Гэта два асноўныя эпізоды свята.
Адначасова вырашаюць пытанні падрыхтоўкі самога горада і яго інфраструктуры да правядзення фестывалю.
Як праходзілі апошнія фестывалі
Папярэдні фестываль прайшоў у 2022 годзе. У ім удзельнічалі прадстаўнікі 31 нацыянальнасці - на пяць менш, чым было на фестывалі перад гэтым. Упершыню прынялі ўдзел прадстаўнікі Манголіі. Ад вуліцы Замкавай і плошчы Леніна размясцілі 17 падворкаў. Яны працавалі толькі адзін дзень. Беларускі падворак зладзілі на плошчы Леніна, дзе прадставілі ўсе рэгіёны Беларусі.
Чытайце таксама: Украінцы не супраць рускіх, міліцыя напагатове і Саладуха-хэдлайнер. Як у Гродне праходзіць Фестываль нацыянальных культур
Фестываль нацыянальных культур у Гродне праходзіць раз на два гады з 1996 года. У фестывалі ў 2018 годзе ў Гродне ўдзельнічалі 36 нацыянальнасцяў. У той жа год адкрылі культурны цэнтр «Фестывальны» на Тэльмана. Чарговы фестываль павінен быў адбыцца ў 2020 годзе ў 13-ы раз. Яго вырашылі перанесці на год з-за каранавіруса. У 2021 годзе ў Гродна яго зноў вырашылі не праводзіць. Праўда, у верасні 2021 года яго адкрыццё правялі на Дзень горада ў Мінску з удзелам 25 нацыянальнасцяў.