Мастачка Цемра стварыла калекцыю хустак, у якіх спалучыла сучаснае і традыцыйнае. Прэзентацыя вырабаў адбылася на мінулым тыдні ў Варшаве, напярэдадні Дня нараджэння творцы праекта. Цемра — гэта творчы псеўданім гродзенкі Дар'і Сямчук.

Хусткі выкананыя па матывах папярэдніх прац мастачкі. У іх спалучаюцца традыцыйныя матывы і сучасныя маляваныя элементы. Напрыклад, на адной з хустак у чорным абрамленні змешчана выява вышыванкі, размаляванай графіці. Па краях — надпіс SPADČYNA на чорным фоне.

Іншая хустка месціць чорныя арнаменты на белым фоне, а на чорных краях напісана BIEŁARUSAČKA.

Як прайшла прэзентацыя

Вітрыну ў прасторы The Concept Store Дар’я афармляла самастойна.

Для прэзентацыі хустак Цемра склала плэйліст, які аб’ядноўвае кампазіцыі яе найбольш улюбёных беларускіх музыкаў. Сыходзячы з адрэзку, якія яна выклала ў Instagram, гэта музыка падобна да калекцыі - там аб’яднаныя матывы народных спеваў у сучаснай аранжароўцы.

Як набыць хустку

Вырабы можна набыць. Для гэтага неабходна напісаць мастачцы ў асабістыя паведамленні. Спачатку паведамлялася, што калекцыя лімітаваная і складаецца ўсяго з 35 рэчаў. Але пазней Цэмра сказала, што будзе рабіць іх на пастаяннай аснове.

«Усе мае працы прасякнуты беларускім кодам. Жывучы ў ​​эміграцыі, я ўбачыла, што беларусы спрабуюць захаваць сваю самабытнасць і шукаюць сімвалы, якія дапамагалі б ім адрозніваць „сваіх“ у натоўпе. Сама я таксама адчуваю гэтую неабходнасць», — сказала Дар’я выданню.

Што вядома пра Цемру

Дар'і Сямчук 32 гады. Нарадзілася ў Гродне. Выстаўлялася ў мінскіх, гродзенскіх, варшаўскіх галерэях. У сваёй творчасці спалучае сучаснасць і традыцыі. Закранае грамадска-палітычныя праблемы і пераўтварае іх у творы мастацтва — аб’ёмныя карціны, упрыгожванні, вопратку.

Вось што піша мастачка пра сябе на ўласным сайце: «Чаму Цемра? Я апускаюся ў цёмны і балючы бок чалавечай натуры з дапамогай свайго канцэптуальнага мастацтва. У сваёй працы я імкнуся закрануць надзённыя праблемы сучаснасці і знайсці яркі і эмацыйны спосаб самавыяўлення. Маё імкненне выкарыстоўваць сваё мастацтва як сродак вырашэння важных сацыяльных і палітычных праблем вынікае з жадання змяніць сітуацыю да лепшага. Я кіруюся верай у тое, што дзякуючы нашай творчасці і самавыяўленню ў нас ёсць сіла натхняць на перамены і аддаваць даніну павагі ахвярам несправядлівасці».

Цемра
Цемра. Фота: з instagram мастачкі @cemra_

Цемра вядома сваім скандальным арт-перформансам. Мастачка размалявала старую вышыванку графіці. Праект выклікаў шмат крытыкі. Маўляў, такімі дзеяннямі яна апаганіла каштоўную рэч. Аднак сама Дар’я тлумачыла ідэю па-іншаму: «Мне дзіўна, што кагосьці пакрыўдзіла мая праца. Людзі кожны дзень сваімі дзеяннямі руйнуюць нашу спадчыну, культывуюць бьюці-індустрыю. Я гэта выявіла, паказала візуальна, матэрыяльнымі рэчамі, каб усе заўважылі, што гэта так і адбываецца».