Сабралі месцы, дзе ў Гродне на канец 2023 года можна выпіць крафтавага піва. Расказваем, куды ісці па атмасферу, куды — па мастацтва, куды — па ежу і мерапрыемствы Гэтым тэкстам рэдакцыя Hrodna.life пачынае рубрыку «Нездаровы лад жыцця». У ёй мы будзем раіць, як добра (але культурна!) адпачыць.
Ужываць алкаголь трэба адказна. Мы не раім вам выпіць, але калі вы ўжо прынялі пра гэта рашэнне, падкажам тое, што пасуе вам. Калі ў вас хворы страўнік, печань, сэрца, нестабільнае эмацыйны стан або цяжарнасць — прапусціце гэты тэкст! А яшчэ гэты тэкст для тых, хто прыязджае ў Гродна як турыст — і гугліць, як яму правесці вечар.
Крафтавае піва — піва ад невялікіх незалежных бровараў, зваранае па іх уласных рэцэптах. З рэцэптамі часта эксперыментуюць.
Probka Taproom
Месца, якое ледзь не часцей за іншых згадваецца ў гродзенскіх карыстальнікаў Untappd (гэта такі дадатак для аматараў крафта). 24 крана, тры халадзільніка слоікаў і бутэлек, Jungle, Bierstaat, Malanka, Gose, NEIPA — усё, як трэба.
За такім півам не лянота адысці крыху далей ад цэнтра — на вул. Шчорса. Ёсць крама і на Кляцкова, але тут часцей бывае кантынгент, які любіць выпіць два літры светлага на разліў — проста раён такі. У абодвух месцах можна купіць піва з сабой альбо прадэгуставаць на месцы. У установе ёсць некалькі столікаў.
У цёплы час года на Шчорса можна размясціцца на летняй пляцоўцы. Плюс — можаце ўзяць кебаб у суседняй шаурмешной, і вас з ім не прагоняць, як у некаторых іншых установах горада. Але арэшкі і чыпсы знойдзеце і ў тапруме.

Чытайце таксама: У Гродне з’явіўся першы тапрум з самым вялікім у горадзе выбарам крафта
Бар «Five No»
Гэта месца, дзе хутчэй п’юць шоты, гарэлку і некалькі відаў піва на кране. Але знойдзецца і пару шэрагаў крафта зверху на халадзільніку. Бонусам у пятніцу і суботу можна трапіць на панк-, ска-, нойз-канцэрт, а ў будні дзень — на кінапрагляд. Пасля барацьбы з контркультурай і вядзення рэестра арганізатараў гэта ледзь не апошняе месца (акрамя кватэрнікаў і гаражоў), дзе іх можна заспець. Пакуль бармэн разлічвае цябе, звярні ўвагу на інтэр'ер бара і надпісы на сценах — натхняльна!

Чытайце таксама: У Гродне адкрыўся бар, куды не пусцяць расістаў і сэксістаў
«УРБАНИСТ»
У бар трэба ісці па кактэйлі і смачныя сэндвічы з бульбачкай. З крафтавага піва і сідру тут хутчэй будзе Robin Good. Калі «Buxta» — хутчэй для панкаў, якія пасядзяць на бардзюры, то «УРБАНИСТ» — для тых, хто шануе моду і мастацтва. Мастацтва тут ёсць — ва ўстанове рэгулярна праходзяць выставы беларускіх мастакоў.

Бар «Buxta» (ex-«Корица»)
Намоленае месца на Віленскай, 6 з багатай гісторыяй. Як бы яно не называлася, там заўсёды збіраўся цікавы кантынгент: ад спячых за стойкай вахтавікоў да вядомых музыкаў і гісторыкаў 50+. Асабліва добра на вуліцы ля бара сустракаць пераход ночы ў раніцу летняй пятніцай. Але зразумей, калі бармэн не выпусціць са шкляным куфлем наверх — гэта горкі вопыт вымятання шкла з кутоў.
Актыўна пастаўляць крафт туды сталі каля года таму. За папаўненнямі банак сачы ў іх Instagram. Шліфануць крафт на дарожку можна настойкамі ўласнага прыгатавання.

Рэстаран «Гринвич»
Тут вы знойдзеце карпаччо з аленіны, кавер-бэнды і танцуючых ў модных топах ў пятніцу дзяўчат. Абяцаюць велізарнай выбар «пеннага»: 11 гатункаў разліўнога і больш за 35 варыянтаў у «шкле». Магчыма, атрымаецца злавіць крафт.

Ірландскі паб HARAT’S
Гэта сеткавая ўстанова. Каб даведацца актуальнае меню, трэба ісці ў сацсеткі паба. У цэлым, выбар шырокі: ад Paulaner і Old Bobby да стаутаў і IPA. А яшчэ тут шмат мерапрыемстваў: квізы, спартыўныя трансляцыі, вечарынкі, сходы жаночага клуба. Бываюць зніжкі на біфштэкс.
Гаспадары сцвярджаюць, што ў іх самы вялікі выбар піва на кранах — праверце, ці не хлусяць!
Чытайце таксама: В Гродно открывается первый в городе ирландский паб — Harat’s pub
Піўны рэстаран «Неман»
Крафт тут бывае хутчэй рэдка, але месца падыдзе аматарам еўрапейскай класікі. Абяцаюць 12 гатункаў разліўнога бельгійскага, чэшскага, нямецкага і беларускага піва. А яшчэ — бельгійскае, ірландскае, аўстрыйскае, мексіканскае, англійскае і галандскае бутэлькавае піва. У рандомную пятніцу біргікі хутчэй абыдуць яго бокам, але з плюсаў - 120 месцаў і шырокае меню: ад закусак да супаў. Ёсць нават «блюда на сковородочке». Спадзяемся, піва яны льюць гэтак жа пяшчотна. Тут можна нарвацца на спартыўныя трансляцыі і рускіх турыстаў.

Рэстаран-бровар «ГОСТИ»
Гэта вялікі двухпавярховы рэстаран з занаваннем і паўнавартасным меню: ад супаў да дэсертаў. Цяпер яны вараць тры віды піва: «Гости» светлае, «Гости» цёмнае і «Гости» пшанічнае. Таксама ёсць Robin Hood, сідр і медавуха.
Пры адкрыцці ўстановы здарыўся казус: аказалася, што піва ўсё ж яны прадаюць не сваё, што раскрылі мясцовыя біргікі. Але праз нейкі колькасць часу пытанні ў іх адпалі.
Адначасна цяпер там можна зачапіць стравы з гастрафеста. А яшчэ — трапіць на выступ кавербэндаў.

Чытайце таксама: Да 12 тон у месяц. У Гродне ў чэрвені адкрыюць рэстаран-бровар з уласным крафтам
Mr. Hops
Меню на фоне папярэдніх устаноў выглядае бядней. Адзін піўны эксперт у свой прыезд заўважыў на кранах чатыры гатункі лідскага разліўнога, Murphy’s Stout і Red. З плюсаў - від на горад і «Нёман».

«Наш Бар»
Тут разліваюць крафтавае піва — абяцаюць 30 гатункаў разліўнога і «лепшыя баначныя гатункі розных краін». На кранах прадстаўлены беларускія і замежныя крафтавыя бровары Jungle Brewery, «Волковская пивоварня», Bierstaat, Bierbank і іншыя. Цэннік — 5−8 рублёў за келіх. Бутэлькавае абыйдзецца даражэй — каля 13 за 0,5. Для аматараў чагосьці прасцей ёсць, напрыклад, «Рэчыцкае». Акрамя піва, ёсць збіцень, медавуха і квас.
Абяцаюць шырокі асартымент закусак. На відэа бачныя снэкаў - чыпсы, арахіс, фісташкі (3 рублі). У халадзільніку — сыры, рыба, вэнджанае мяса. Меню пакуль у Instagram не выклалі.

Чытайце таксама: У Гродне закрываецца бар з крафтавым півам «Погружение»
У наступным выпуску мы раскажам, дзе купіць крафтавага піва з сабой. Калі вы хочаце дапоўніць наш спіс — напішыце нам.