Гродзенская абласная клінічная бальніца медыцынскай рэабілітацыі (ГАКБ) закупляе 15 апаратаў і трэнажораў. Сярод іх — трэнажор для актыўна-пасіўнай трэніроўкі верхніх і ніжніх канечнасцяў за 40 000 рублёў.
На фізіятэрапеўтычнае абсталяванне выдаткуюць 144 200 рублёў з абласнога бюджэту. Пастаўку трэба правесці з 20 лістапада па 15 снежня 2023 года.
Спецыфіка ГАКБ — выздараўленне, аднаўленне згубленых функцый, пазітыўныя змены ў пацыентаў з паталогіяй нервовай, сардэчна-сасудзістай, дыхальнай сістэмы. Для гэтага выкарыстоўваюць метады і сродкі фізічнай, псіхалагічнай, голаса-маўленчай рэабілітацыі.
Што купяць:
- гарызантальны велатрэнажор,
- трэнажор для актыўна-пасіўнай трэніроўкі верхніх і ніжніх канечнасцяў,
- апарат для нізкачашчыннай магнітатэрапіі (для нервовай стымуляцыі),
- апарат для нізкачашчыннай электратэрапіі,
- апарат для камбінавання электратэрапіі,
- апарат для мікрахвалевай тэрапіі СМВ-тэрапіі (метад сверхвысокочастотной тэрапіі з выкарыстаннем сантыметровых або блізкіх да іх хваль з лячэбна-прафілактычнымі і рэабілітацыйнымі мэтамі),
- апарат для ультрагукавой тэрапіі,
- апарат для лячэння прамянямі бачнага і інфрачырвонага спектру выпраменьвання,
- апарат для лячэння прамянямі бачнага і інфрачырвонага спектру выпраменьвання пераносны,
- кухня для падрыхтоўкі фангапарафіну (парафін, змешаны з марскім глеем, правадыр цяпла — Hrodna.life),
- апарат магніта-фотатэрапіі,
- апарат для электрастымуляцыі,
- апарат для імпульснай магнітатэрапіі.
У ГАКБ знаходзіцца аддзяленне рэабілітацыі для пацыентаў пасля інсульту. Апараты, якія закупляюцца, — абсталяванне для рэабілітацыі пацыентаў пасля інсульту і інфаркту. Знаёмы медык у гутарцы з Hrodna.life выказаў здагадку, што частка з інструментаў не вельмі эфектыўныя. «Заўсёды вялікі дэфіцыт абсталявання, асабліва ў фізіятэрапіі. Магу дадумаць, што гэта штогадовая заяўка, якая не будзе выкананая», — мяркуе яшчэ адзін медык.
Што такое фізіятэрапеўтычнае абсталяванне
Фізіятэрапеўтычнае абсталяванне ўздзейнічае на органы чалавека, спрыяе умацаванню здароўя і акрыянню. Уздзеянне адбываецца рознымі спосабамі:
- з дапамогай ударна-хвалевай,
- вакуумнай,
- ультрагукавой,
- лазернай тэрапіі,
- прэсатэрапіі,
- электратэрапіі,
- магнітатэрапіі і інш.
Такое лячэнне мае шырокі спектр дзеянні, няшмат пабочных эфектаў, не выклікае алергіі. Можа прымяняцца ў розных галінах медыцыны: ад касметалогіі да хірургіі і неўралогіі. Выкарыстоўваецца таксама ў якасці болесуцішальнага і рэгенеруючага метаду.
Чытайце таксама: «Не адпавядае сучасным патрабаванням». Новая бальніца і анкацэнтр — якія медаб’екты пабудуюць у Гродне