Пяць пластмасавых літар колерам пад латунь закупляюць для Кургана Славы ў Гродне. Іх усталююць з 6 па 20 лістапада. Верагодна, яны заменяць згубленыя раней літары.

Гродзенскае гарадское жыллёва-камунальная гаспадарка праводзіць закупку з адной крыніцы. Кошт — 132 рублі з гарадскога бюджэту.

Усяго плануюць зрабіць тры літары «у», і па адной — «і» і «е». Яны будуць малымі, вышынёй да 5 см. Рыхтаваць іх будуць з высокапразрыстага тэрмапласту пад латунь.

Мяркуючы па памеры літар, гэта частка надпісаў ля Вечнага агню. Іншыя надпісы побач з курганам больш памерам і яны зроблены з вялікіх літар.

Гісторыя Кургана Славы ў Гродне

Курган — мемарыяльны комплекс у Гродне. Яго стварылі, каб увекавечыць памяць савецкіх воінаў часоў Другой сусветнай, тых, хто змагаўся за савецкую ўладу ў гады Кастрычніцкай рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны, і хто змагаўся за далучэнне Заходняй Беларусі да СССР. Яго адкрылі 17 верасня 1969 года. Зямлю для кургана ўзялі з брацкіх магіл з кожнага раёна Гродзенскай вобласці.

На тэрыторыі комплексу ёсць плошча для мітынгаў, Вечны агонь, мемарыяльныя пліты і сцены з надпісамі: «Жизнью своею равненье на павших героев держи», «Бессмертная слава героев умножится в славе потомков» і «Светлай памяці герояў, аддаўшых жыцці за савецкую ўладу».

Чытайце таксама: Глядзіце, як закладвалі капсулу з пасланнем нашчадкам ля Кургана Славы ў Гродне 52 гады таму