Фасад будынка на Маставой, 31 у Гродне істотна перарабілі. Некалькі месяцаў ён быў закрыты рыштаваннямі. Зараз яго адкрылі - і стала бачна, што яму паспрабавалі вярнуць від, які ён меў да Другой сусветнай вайны.
У будынку на Маставой, 31 з 1878 года працавала тытунёвая фабрыка Шарашэўскага (сённяшняя тытунёвая фабрыка «Нёман»). Тады будынак меў дэкор у стылі эклектыкі. Пасля Другой сусветнай вайны ў будынак заехаў спачатку тонкасуконны камбінат, а пазней — пальчаткавая фабрыка «Акцэнт». Зараз будынак усё яшчэ належыць фабрыцы, але вытворчасці там няма. У будынку працуюць кафэ, рэстараны, клубы, офісы, танцавальныя студыі, хостэл і іншыя ўстановы.
У пасляваенны час фасад будынка значна спрасцілі. Яшчэ ў 2015 годзе стала вядома, што ў планах «Акцэнта» — вярнуць будынку гістарычны выгляд. Зараз гэта адбылося. Фота адноўленага фасада апублікаваў Newgrodno.by.
