Пад новае кафэ плануюць перабудаваць пусты гаспадарчы будынак на Антонава 20/1. Кафэ з вялікай залай і балконам, разлічанае на 84 чалавекі, хочуць адкрыць уладальнікі існуючага кафэ «Рандэву» і клуба «Рэлакс» – фірма «РМБСпай».
Будынак будучага кафэ-бара знаходзіцца за паркоўкай побач з гарадскім эколага-біялагічным цэнтрам. Раней у будынку працавала майстэрня шкла. У кафэ будуць дзве залы: на першым паверсе плошчай 131 кв.м., на балконе – 121 кв.м. Інвестар – гродзенская фірма “РМБСпай” – плануе добраўпарадкаваць тэрыторыю з выкарыстаннем вертыкальнага азелянення і малых архітэктурных форм.

Як будзе выглядаць новае кафэ?
Праект рэканструкцыі пустуючай пабудовы пад кафэ распрацоўвае фірма «НікАртПро» з Навагрудка. У матэрыялах для грамадскага абмеркавання ёсць візуалізацыі – як будзе выглядаць будынак пасля перабудовы. Вонкава ён будзе выглядаць двухпавярховым, хоць насамрэч усярэдзіне будзе адна вялікая прастора.
Умоўны другі паверх будзе зроблены ў выглядзе балкона.
Што за фірма “РМБСпай” і якія кафэ ў іх ужо ёсць?
Кафэ збіраецца адкрыць гродзенская фірма “РМБСпай”. Яна валодае кафэ “Рандэву” на Гагарына і клубам са стрыптызам “Рэлакс” на Кірава. У 2019 дырэктар ТАА “РМБСпай” Артур Рымша спрабаваў стаць дэпутатам парламента.
Чытайце таксама:
- «Зняць станік можа кожная, паднесці сябе — не ўсе». Стрыптызёрша з Гродна пра сваю працу
- Стрыптызёркі з Гродна зрабілі фота на мясцовым Кургане Славы
Калі пройдуць грамадскія абмеркаванні
Грамадскія абмеркаванні праекта новай кавярні ў Гродне пройдуць з 10.11.2023 па 24.11.2023. Праект можна ўбачыць на сайце Гродзенскага гарвыканкама або ў вестыбюлі будынка ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама (пл. Антонія Тызенгаўза, 3). Прэзентацыя праекта пройдзе 17.11.2023 у 15.00 у кабінеце 1 у будынку ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва.
Заўвагі і прапановы прымаюцца з 10.11.2023 па 24.11.2023 у пісьмовай або электроннай форме з паметкай “грамадскае абмеркаванне” па адрасах:
- Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт, плошча Леніна, 2/1, 230023, г. Гродна. Электронная пошта: [email protected].
- Упраўленне будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама, паштовы адрас: пл. Антонія Тызенгаўза, 3, 230023, г. Гродна. Email: [email protected].
- У пісьмовым выглядзе, у журнале ўліку наведвальнікаў экспазіцыі аб’екта грамадскага абмеркавання.







