Памятны знак паўстанцам 1863 года, які знаходзіўся на гродзенскім чыгуначным вакзале, дэмантавалі супрацоўнікі Гродзенскай гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пра гэта паведаміў Telegram-канал «Спадчына» са спасылкай на Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі. Гродзенскія чыноўнікі дасюль сцвярджаюць, што нічога пра гэта не ведаюць.

Каб выкрыць хлусню чыноўнікаў, якія казалі, што «нічога не ведаюць» пра знікненне памятнага знака, Telegram-канал «Спадчына» звярнуўся ў Баранавіцкае аддзяленне БЧ. Менавіта да гэтага аддзялення адносіцца гродзенская станцыя.

У Баранавічах паведамілі, што памятны знак дэмантавалі 11 ліпеня 2023 года супрацоўнікі Гродзенскай гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пасля гэтага актывісты звярнуліся ў ЖКГ, але там адказалі, што інфармацыя аб аб’екце адсутнічае.

Калі заўважылі, што помніка няма
20 ліпеня стала вядома, што з будынка чыгуначнага вакзала ў Гродне знік памятны знак паўстанцам 1863 года. Замест яго з’явілася шыльда, прысвечаная cавецкім падпольшчыкам часоў Другой сусветнай вайны. Знак правісеў на сцяне вакзала каля 30 гадоў, яго аўтар — гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў.
Чыноўнікі рабілі выгляд, што не ведаюць
Пасля знікнення помніка, гродзенцы стварылі петыцыю, каб дамагчыся тлумачэнняў ад чыноўнікаў Гродзенскага гарвыканкама: куды і чаму знік знак паўстанцам 1863 года на чыгуначным вакзале. Праз месяц, у жніўні 2023 года, чыноўнікі адказалі, што не маюць пра яго звестак.
На знікненне помніка магла паўплываць Вольга Бондарава
Паводле Telegram-канала Hrodna 11:27, да знікнення помніка магла быць датычная праўладная актывістка Вольга Бондарава. Яна вельмі крытычна ставіцца да антырасійскіх паўстанняў XVIII−XIX стагоддзяў.