Навіны

«Ездзяць, але не афішуюць». Што адбываецца з турызмам у Гродзенскай вобласці?

Гродна стаў адным з цэнтраў прыцягнення ўнутранага турызму. Зараз замежнікі складаюць каля 30%, выручка турыстычных паслуг расце, але фокус свядома змянілі - на Расію.

Выручка вырасла на 20%

У мінулым годзе ў Гродзенскую вобласць прыехала каля 400 тысяч турыстаў, расказала намесніца начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева для «Беларусь сегодня». У гэтую колькасць увайшлі тыя, хто як мінімум спыняўся на начлег.

Беларусы сталі актыўней ездзіць па сваёй краіне пасля пандэміі. Унутраны турызм вырас на 20%. На столькі ж вырас экспарт паслуг. З тых, хто спыняецца ў гатэлях і адпачывае ў санаторыях, 27−30% складаюць замежнікі, падлічылі ва ўпраўленні спорту і турызму. У 2022 годзе экспарт турыстычных паслуг прынёс Гродзенскай вобласці больш як $ 12,8 мільёнаў, паведамляла Лідзяева раней.

У 2023 годзе больш за 37 тысяч турыстаў пабывалі на водных прагулках на Аўгустоўскім канале. У параўнанні з 2022 годам выручка вырасла на 20%. Папулярным быў таксама новы экалагічны маршрут па вузкакалейцы ў заказніку «Азёры».

Таксама турыстаў цікавілі Лідскі замак, экскурсіі на піваварны завод у Лідзе і на шклозавод, Навагрудскі, Карэліцкі, Шчучынскі раёны, праваслаўныя (у Зэльвенскім і Слонімскім раёнах) і каталіцкія (у Іўеўскім і Воранаўскім раёнах) храмы. Улетку турысты актыўна ездзілі ў заказнікі. У топ трапляюць аграсядзібы,
якія акрамя начлегу і ежы могуць прапанаваць майстар-класы, дэгустацыі і іншыя забаўкі. Замежнікам падабаецца беларуская кухня. І замежных, і ўнутраных турыстаў цікавяць беларускія традыцыі, абрады і музеі. З восенню цікавасць не падае: на лістападаўскія выхадныя ўжо складана нешта забраніраваць, месцы занятыя.

У 2022 годзе экспарт санаторна-курортных паслуг толькі за дзевяць месяцаў вырас на 204%. Большасць такіх адпачывальнікаў ужо тады былі турысты з Расіі.

«Санкцыі з таго боку»

У турыстаў з краін захаду гродзенскі рэгіён пачаў набіраць папулярнасць з 2016 года — з пачаткам дзеяння для іх бязвізавага рэжыму. На думку Таццяны Лідзяевай, «настроі не памяняліся», проста зараз замежнікі «не афішуюць» паездкі ў Беларусь.

Раней замежныя турысты ў асноўным падарожнічалі арганізаванымі групамі, а зараз да такіх людзей «улады з таго боку» ўжываюць «пэўныя санкцыі», сцвярджае Лідзяева. З-за гэтага яны пачалі ездзіць машынамі - з сем’ямі і сябрамі. Рэдакцыі Hrodna.life не ўдалося знайсці інфармацыі аб якіх-небудзь санкцыях да турыстаў у Беларусь ні ў польскіх, ні ў літоўскіх СМІ.

Прадстаўнікі турыстычнай і сумежных сфер таксама не згодныя з Лідзяевай. Увесну 2023 года ўласнікі кафэ прызнавалі, што колькасць гасцей з суседніх краін Еўропы параўнальна з 2019 годам зменшылася ў 10 разоў. Жыхары суседніх краін ЕС часцей прыязджаюць у Беларусь з эканамічнымі мэтамі, радзей — да сваякоў.

Замежнікаў Таццяна Лідзяева сустракае ў крамах: іх вабяць цана і якасць, а цікавяць — прадукты, адзенне, вырабы са шкла, абутак, паліва і торфабрыкеты. Папулярнасцю карысталіся медыцынскія паслугі: дыягностыка (МРТ, КТ, УГД), простыя аперацыі, стаматалогія, а таксама санаторыі. Апошнія — быццам бы асабліва ў краін Балтыі.

Расія ў прыярытэце

У перыяд, калі было больш турыстаў з Заходняй Еўропы, у Беларусі больш рыхтавалі гідаў-перакладчыкаў, перакладалі меню грамадскага харчавання, рэкламу і інфармацыйныя паказальнікі. Цяпер фокус маркетынгу зрушылі на Расію, прызнае Лідзяева.

«Аддаём перавагу расійскім тураператарам і супрацоўніцтву з рэгіёнамі РФ», — заявіла яна.

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пекла на зямлі». Гродзенка падзялілася, як працуе кадастравае агенцтва падчас рамонту

Шматгадзінныя чэргі, перфаратар і два акенца на рэгістрацыю. Дзяўчына схадзіла ў Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай…

21 лютага 2025

У конкурсе «Гродна Азот» да Дня роднай мовы паўдзельнічалі два пенсіянеры і ідэолаг

Прадпрыемства "Гродна Азот" 12 лютага ў Telegram-канале анансавала конкурс да Дня роднай мовы. Да самога…

21 лютага 2025

У Польшчы закрылі справу аб давядзенні беларускага экс-палітвязня да самагубства

Палітзняволены з Гродна Кірыл Кетурка скончыў жыццё самагубствам у Цэнтры ўтрымання пад вартай у Варшаве-Служэўцы…

21 лютага 2025

Дырэктара прадпрыемства з Ваўкавыскага раёна судзяць за разгалашэнне службовай таямніцы

Былому сенатару і дырэктару «Краснасельскбудматэрыялы» Уладзіміру Кісялёву пагражае да трох гадоў калоніі за разгалашэнне службовай…

21 лютага 2025

Сыркі «Малочнага Міру» не спадабаліся МАРГ — там знайшлі прапаганду нацызму

"Малочны Мір" абавязалі змяніць назву для серыі глазураваных сыркоў. Пасля чыёсьці скаргі ў Міністэрства антыманапольнага…

21 лютага 2025

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаецца кватэра — сапраўдны постсавецкі олдскул

На Гагарына, 25 у Гродне прадаецца двухпакаёвая кватэра з выдатна захаваным постсавецкім інтэр'ерам. Дом, у…

21 лютага 2025