Беларускія юрысты, медыкі і псіхолагі аб’ядналіся, каб вывучыць, як функцыянуе турэмная медыцына і псіхалогія ў Беларусі. Як яны плануюць працаваць, хто ўвайшоў у камісію і чым можна дапамагчы?
Чым будзе займацца праект
Удзельнікі праекта Physicians for truth and justice плануюць збіраць і аналізаваць экспертныя заключэнні, а таксама распрацоўваць прапановы па змене пенітэнцыярнай сістэмы (сістэма выканання пакаранняў). Мэта ў тым, каб правы зняволеных выконваліся.
Хто будзе гэтым займацца
У склад працоўнай групы ўвайшлі:
- былы супрацоўнік Генеральнай пракуратуры Беларусі Алег Талерчык;
- юрыст і праваабаронца Павел Сапелка;
- былы кіраўнік медычнай часткі СІЗА ў Брэсце Павел Перапёлкін;
- псіхолаг Вольга Вялічка;
- былы кіраўнік медычнай службы Дэпартамента выканання пакарання МУС Васіль Завадскі.
Таксама ёсць экспертная група з юрыстаў, праваабаронцаў, псіхолагаў і лекараў. Сярод іх: Алег Граблеўскі, Людміла Казак, Леанід Судаленка.
Як плануюць збіраць інфармацыю і як можна дапамагчы
Каб даведацца, як функцыянуе турэмная медыцына і псіхалогія, эксперты распрацавалі анкету для былых палітзняволеных і анкету для сваякоў асуджаных.
Праз гэтыя анкеты спецыялісты хочуць зразумець, з якімі праблемамі сутыкаюцца людзі ў няволі. Напрыклад, ці выкарыстоўваюць супраць іх псіхалагічны або фізічны гвалт, ці ёсць у іх доступ да медычнай і псіхалагічнай дапамогі, ці забяспечаныя яны лекамі, ці могуць патрапіць на абследванне ў медычныя ўстановы за межамі калоніі альбо СІЗА. Таксама важна зразумець, ці атрымоўваюць сваякі зняволеных поўную інфармацыю пра іх стан здароўя, а таксама, што варта змяніць у аказанні дапамогі, каб яна была эфектыўнай.
Чытайце таксама: Палітвязняў пераводзяць у турмы, Пачобут не атрымлівае лекаў, затрыманні ў шасці гарадах. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці