Гродзенская праўладная актывістка Вольга Бондарава напісала скаргу ў пракуратуру. Гэтым разам яе не задаволілі торты ў выглядзе мужчынскага пеніса, а таксама жартоўныя выявы аголеных людзей сталага веку на торце. Пра гэта жанчына напісала ў сваім Telegram-канале.

Пра якія торты ідзе гаворка
Бондараву не задаволіла прадукцыя адной з гродзенскіх кандытарак, якая пячэ торты на замову і прадае іх праз Instagram і “ВКонтакте”. Жанчына выпякае самыя розныя торты: у тым ліку з жартаўлівымі выявамі аголеных людзей сталага веку, торты ў выглядзе мужчынскага палавога члена, а таксама торты з напісанымі на іх нецэнзурнымі словамі.
Вясёлка і адзінарогі больш небяспечныя, чым “аголеныя людзі” і “нецэнзурныя словы”
Больш за ўсё Бондараву абурыла наяўнасць вясёлкі і адзінарога на дзіцячым торце. Яна пераканана, што гэта – “прапаганда ЛГБТ”. Гэты пункт у сваёй скарзе Бондарава вылучыла тлустым шрыфтам і пазначыла, што гэта “самае абуральнае”.

Абурылася на “Адама і Еву”
Раней Бондарава звярнулася ў Магілёўскі гарвыканкам. Ёй не спадабалася, што ў Магілёве адкрылі “Музей БДСМ “Адам і Ева””. У памяшканні размяшчаўся сэкс-шоп, буцік ніжняй бялізны, фотастудыя БДСМ і музей 18+.
Пасля праверкі ўстановы Бондаравай паведамілі, што ўстанова прыпыніла сваю дзейнасць. Супраць жанчыны, якая адкрыла “Музей БДСМ”, узбудзілі адміністрацыйныя справы паводле артыкулаў 13.9 (парушэнне заканадаўства аб рэкламе) і ч.1 13.11 (парушэнне заканадаўства па прадастаўленні паслуг насельніцтву).
Чытайце таксама: Бондарава прапануе забараніць валошкі





