Польскія памежнікі перасталі ставіць штампы аб перасячэнні мяжы ў беларускія пашпарты. Пра гэта паведаміла “Наша Ніва” са спасылкай на свайго чытача.

“Гэта ж беларус. У беларускія пашпарты не ставім, правільна?” – перадаў размову польскіх памежнікаў адзін з чытачоў.
Гэтае рашэнне польскія пагранічнікі ўзгаднілі з міністэрствамі ўнутраных і замежных спраў Польшчы, расказаў “Нашай Ніве” польскі дыпламат.
“Гэта лагічнае рашэнне, таму што пакуль няма яснага разумення, што рабіць многім тысячам беларусаў, якія жывуць у Польшчы і не змогуць абмяняць свае дакументы. Магчыма, будзе прынятае рашэнне ажно да спрашчэння працэдуры атрымання польскага пашпарта, але цяпер робіцца тое, што робіцца. Адмена штампаў можа хаця б запаволіць сканчэнне пашпарта не з прычыны сканчэння тэрміну дзеяння”.
Адмена штампаў на польскай мяжы дапаможа эканоміць старонкі ў пашпартах тых беларусаў, якія выязджаюць праз Польшчу за межы Шэнгена, але не могуць паехаць у Беларусь, каб замяніць там пашпарт. Для іх вольныя старонкі ў дакуменце могуць быць вельмі каштоўнымі.
У Міністэрстве замежных спраў Польшчы і польскай Памежнай службе не падцвердзілі інфармацыю пра тое, што больш не будуць ставіць штампы аб перасячэнні польскай мяжы. Ва ўстановах не ведаюць пра такое рашэнне, паведаміла “Еўрарадыё”.
Што кажуць у кабінеце Ціханоўскай
У Аб’яднаным пераходым кабінеце пра рашэнне польскага боку ведаюць і плануюць пралабіраваць гэтае пытанне з іншымі краінамі Еўрасаюза. “Плануем такое абмеркаваць на гэтым тыдні. Пакуль не гатовыя назваць краіну”, – сказаў “Нашай Ніве” прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Валер Кавалеўскі.
Чаму адсутнасць штампаў гэта важна
З 7 верасня 2023 года беларускія дыпламатычныя місіі больш не выдаюць, не мяняюць і не працягваюць тэрмін дзейнасці пашпартоў тых беларусаў, якія пастаянна жывуць за мяжой.
Меншая колькасць штампаў у пашпарце можа сэканоміць колькасць чыстых старонак і лішняе месца ў пашпарце. З-за гэтага тэрмін прыдатнасці пашпарта можа быць большы.
Чытайце таксама: Беларусы больш не змогуць памяняць пашпарт за мяжой
Якія яшчэ змены прапануюць беларусам
У Літве прапануюць павялічыць тэрмін дзейнасці віда на жыхарства для беларусаў, якія не маюць магчымасці вярнуцца ў Беларусь. Зараз такі дакумент выдаюць на адзін год. Міністэрства унутраных спраў Літвы прапануе павялічыць гэты тэрмін да трох гадоў.


