На базе адпачынку «Прывал» пабудуюць шматфункцыянальны будынак — дасугавы цэнтр. У ім будзе зала забаў, абедзенная зона, тэраса і шоу-кухня. Пакуль займаюцца перадпраектнымі і праектна-пошукавымі работамі.

Закупку праводзіць «Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман». Гэта будзе каштаваць 160 000 рублёў з уласных сродкаў фабрыкі. Дамову з выканаўцам разлічваюць падпісаць 28 верасня. Пасля гэтага ў яго будзе дзевяць месяцаў на выкананне работ.

На цокальным паверсе будуць гардэроб, санвузлы, тэхнічныя памяшканні, зала актыўных і інтэрактыўных забаў умяшчальнасцю 100 чалавек, грымёрны пакой 15 м.кв. На першым паверсе — абедзенная зона умяшчальнасцю 90 чалавек, кухонныя памяшканні з лініяй раздачы і барнай стойкай. Таксама запланаваны панарамнае шкленне, тэраса ля абедзеннай залы і шоу-кухня.

Будынак аснасцяць унутранымі інжынернымі сеткамі. Для наведвальнікаў будзе WI-FI. Таксама запланавана відэаназіранне.

У выпадку высечкі дрэў або кустоў высадзяць новыя. Таксама прадугледжаны добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторыі.

Як змяняецца «Прывал»?

«Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» сур’ёзна занялася добраўпарадкаваннем «Прывалу». Там ужо паабяцалі лазню і кэмпінгі з марскіх кантэйнераў. Таксама там будзе пераправа праз Нёман на базе баржы. Яшчэ там зробяць сажалку для стронгі.