Ля жылога дома № 13а па вул. Леванабярэжнай у Гродне запланавалі добраўпарадкаванне тэрыторыі. Дом стаіць прама пад высокім адхонам ля берага Нёмана — і на яго можа спаўзаць грунт. Зараз распрацоўваюць праектна-каштарысную дакументацыю.
Закупкай займаецца Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка. Арыенціровачны кошт дакументацыі - 28 000 рублёў з гарадскога бюджэту.
Займацца гэтым будуць з 2 кастрычніка 2023 па 17 студзеня 2024 года.
У ходзе работ трэба будзе засцерагчы жылы дом і іншыя пабудовы на ўчастку, а таксама агароджу ад ціску грунту, які спаўзае. З высокага стромкага берага арганізуюць збор і адвод ападкаў, каб грунт тут залішне ня ўвільгатняўся і каб не здараліся апоўзні. Для гэтага зробяць водапрыёмныя латкі ўздоўж асфальтаванай дарогі з арганізаваным адводам вады.
Для дадатковага ўмацавання адхон засеюць травой, пасадзяць дрэвы і хмызнякі. Для адводу вады зробяць канавы ўздоўж подпорных сцен. Унізе зробяць ўтрымлівальныя канструкцыі.
Тэрыторыя таксама стане даступная для фізічна аслабленых асоб.
Чытайце таксама: Пляцоўку на Леванабярэжнай у Гродне выкупілі мінскія бізнесмены — арганізатары Vulitsa Ezha