Убачыць больш за 200 папугаяў, пакарміць іх і набыць сабе птушку можна ў “Папугайні”, якая адкрылася ў гандлёва-забаўляльным комплексе Triniti.

“Папугайня” размяшчаецца на другім паверсе, побач з крамай “Калінка” і кафэ Hotfix. Там жывуць больш за 200 папугаяў, якіх складана сустрэць у звычайнай заакраме альбо ў заапарку. Сетка “Папугайня” працуе ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі.
“Мы стварылі атмасферу, дзе ім будзе ўтульна і камфортна, і дзе кожны жадаючы зможа прыйсці і пазнаёміцца з нашымі маленькімі сябрамі”, – напісалі на сайце “Папугайні”.
У “Папугайні” жывуць ары, каралевыя (індыйскі кольчаты) папугаі, разэллы, какарыкі, амазоны, карэлы, неразлучнікі і іншыя птушкі.

Колькі каштуюць папугаі
Можна набыць любога папугая, а таксама падабраць для яго неабходныя рэчы: клетку, корм і вітаміны. Самая танная птушка – самка хвалістага папугая – 59 рублёў, самец каштуе даражэй – 79 рублёў. Самы дарагі папугай – разэла чырвоная – 300 рублёў. Клеткі для папугаяў прадаюць ад 100 да 310 рублёў.
Уваход у папугайню платны
Цэны за ўваход у папугайню:
- Дзеці да трох гадоў – бясплатна
- Дзеці ад трох да васьмі гадоў – 18 рублёў
- Дарослыя і дзеці старэйшыя за 8 гадоў – 22 рублі
Бясплатна “Папугайню” могуць наведаць імяніннікі ў свае народзіны (пры наяўнасці пашпарта), а таксама інваліды і ветэраны Вялікай айчыннай вайны. Шматдзетныя сем’і, пры наяўнасці дакумента і ўсёй сям’і, могу атрымаць зніжку ў 20%.
Дадаткова можна набыць корм, якім можна карміць папугаяў. Ён каштуе тры рублі.
Раней у Гродне ўжо адкрывалі папугайню
У 2019 годзе ў Гродне адкрылі кантактны заапарк – “Папугайня”. Там жыло 100 папугаяў. Яна размяшчалася ў гандлёвым цэнтры “Фолюш” на вуліцы Соламавай.
Чытайце таксама: 100 экзотических птиц в одном месте: в Гродно открывается «Попугайня»


