Мясцовы дабрачынны фонд “Анастасіс” ліквідуюць праз Гродзенскі абласны суд. Ён валодае стацыянарам у Слонімскім раёне, у якім дапамагаюць змагацца з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі.
Пасяджэнне аб ліквідацыі мясцовага дабрачыннага фонду пройдзе 22 верасня. Суддзя – Юрый Карэцкі. Ісцец – Клімаш Алег Пятровіч.
“Цэнтр рэабілітацыі залежных ад алкаголю і наркотыкаў “Анастасіс” працуе ў вёсцы Сасноўка Слонімскага раёна за 37 км ад горада. Пад патрэбы фонду ў 2011 годзе Слонімскі райвыканкам перадаў будынак былога інтэрната.
“Анастасіс” – гэта падраздзяленне мясцовага дабрачыннага фонду “Праабражэнне“. Яго стварылі ў 2010 годзе па благаславенні Высокапраасвяшчэннейшага Гурыя, архіепіскапа Навагрудскага і Лідскага, намесніка Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра. Таксама ёсць прадстаўніцтва “Цэнтр дапамогі людзям, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю “Анастасіс Сталіца”.
У 2022 годзе фонд “Анастасіс” не праводзіў мерапрыемствы. Грошай на рахунак таксама не паступала.
Як працуе фонд?
У Сасноўцы пастаянна пражываюць і добраахвотна праходзяць праграму аднаўлення да 18 чалавек.
Праца цэнтра заснавана на 12-крокавай праграме Ананімных Алкаголікаў. Чалавек можа выкарыстоўваць праграму як інструмент для свайго далейшага выздараўлення.
Сацыяльная адаптацыя складаецца з двух этапаў. Чалавек сам выбірае тэрмін знаходжання. Ёсць опцыі “ад 30 дзён да трох месяцаў (асноўны этап)” і “да аднаго года і больш (пасля заканчэння асноўнага этапу)”.
Ці будзе ён працаваць?
Па тэлефоне журналісту Hrodna.life, які прадставіўся кліентам, паведамілі, што ліквідацыі не плануецца і цэнтр будзе працаваць.
Чытайце таксама: Тусоўкі на «Маставой» — усё? Чытайце, што там забаранілі рабіць вечарам



