З 1 верасня ў пункце пропуску «Прывалка» на мяжы з Літвой пачаў працаваць пункт дэзінфекцыі. Яна абавязковая для ўсіх легкавых машын, мікрааўтобусаў, грузавікоў і аўтобусаў.
Дэзінфекцыя будзе бясплатнай да 23.59 15 верасня, піша «АвтоГродно» са спасылкай на сваю крыніцу. А ўжо з 00:00 16 верасня дэзінфекцыя стане платнай.
Як гэта працуе
Ідэя аб неабходнасці дэзінфекцыі з’явілася ў час пандэміі каранавіруса. У якасці эксперыменту яе праводзілі з 1 ліпеня 2021 года ў пункте пропуску «Новая Гута» на мяжы з Украінай. Увесну 2022 года апублікавалі ўказ N154 ад 26 красавіка «Аб абавязковай дэзінфекцыі транспартных сродкаў». Ён уступіў у сілу з траўня 2022 года. Першы пункт дэзінфекцыі аўтамабіляў на мяжы з Еўразвязам пабудавалі ў пункце «Беняконі» на літоўскай мяжы.
Паслуга будзе платнай. Аплаціць можна, купіўшы кантрольную марку ў «Белдзяржстраху» і ААТ «ААБ Беларусбанк» у пунктах пропуску праз мяжу. Калі ў кіроўцы ці ўладальніка машыны не будзе такой маркі і ён адмовіцца яе купляць, транспартны сродак не зможа ўехаць у Беларусь.
Парадак арганізацыі і ажыццяўлення абавязковай дэзінфекцыі, а таксама лабараторнага кантролю яе якасці вызначаецца Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання. Кантраляваць наяўнасць у кіроўцаў ці ўладальнікаў МС кантрольных марак у пунктах пропуску будуць супрацоўнікі памежнай службы, а ў кіроўцаў ці ўладальнікаў транспартных сродкаў, памежны кантроль якіх ажыццяўляюць мытныя органы, — мытнікі.
На дэзінфекцыі заробіць праўладны бізнес
Згодна з указам аб дэзінфекцыі, аказваць гэтую паслугу на ўсіх пунктах пропуску таксама павінна будзе ТАА «БелГлобалГарант». Кампанія існуе з канца 2013 года. Асноўная сфера дзейнасці - аптовы гандаль прадуктамі харчавання, таксама кампанія займаецца будаўніцтвам. З 2015 года яна адна з нямногіх мае ліцэнзію на імпарт моцнага алкаголю.
Адзін з уладальнікаў кампаніі, Сяргей Цяцерын, — былы старшыня Беларускай федэрацыі тэнісу, сябра хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі. Набліжаны да яго з канца 1990-х гадоў. Другі, Раман Бугаец, дырэктар кампаніі, — член праўлення і спонсар Беларускай федэрацыі тэніса.