Намесніка дырэктара ТАА “КліматМайстар” затрымалі за рэгістрацыю ў плане “Перамога”. Відэа з затрыманнем з’явілася на канале сілавікоў 31 жніўня. Мужчына гаварыў на відэа па-беларуску.

– Я – жыхар горада Гродна. Працую намеснікам дырэктара ТАА “Кліматмайстар”. Сёння быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіКа. За тое, што быў зарэгістраны ў пляне “Перамога”, – сказаў мужчына.

Затрыманы паведаміў, што зарэгістраваўся ў плане «Перамогі» дзеля цікавасці. Яму прыйшло паведамленне, каб ён выйшаў на сувязь з пэўным акаўнтам для атрымання задач. Мужчына гэтага не зрабіў, бо задач выконваць не збіраўся.

Каб затрымаць дырэктара, прыйшлі на яго працоўнае месца і затрымалі яго пры супрацоўніках.

У Гродне і раней здараліся затрыманні за рэгістрацыю ў плане «Перамогі». Як правіла, затрыманыя станавіліся абвінавачанымі па арт. 361-1 КК. Іх адпускалі пад падпіску аб нявыездзе.

Чытайце таксама: “У Гродне — больш мяккія метады”. Чаму ў рэгіёне паказальна затрымліваюць дырэктараў і начальнікаў

Фірма “КліматМайстар” працуе з 2018 года. Гэта пастаўшчык сістэм вентыляцыі, кандыцыянераў і кліматычнай тэхнікі ў Беларусі.

UPD 1 верасня. Мужчыну клічуць Аляксандр Клімец, піша mediazona.by.