Намесніка дырэктара ТАА «КліматМайстар» затрымалі за рэгістрацыю ў плане «Перамога». Відэа з затрыманнем з’явілася на канале сілавікоў 31 жніўня. Мужчына гаварыў на відэа па-беларуску.

 — Я — жыхар горада Гродна. Працую намеснікам дырэктара ТАА «Кліматмайстар». Сёння быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіКа. За тое, што быў зарэгістраны ў пляне «Перамога», — сказаў мужчына.

Затрыманы паведаміў, што зарэгістраваўся ў плане «Перамогі» дзеля цікавасці. Яму прыйшло паведамленне, каб ён выйшаў на сувязь з пэўным акаўнтам для атрымання задач. Мужчына гэтага не зрабіў, бо задач выконваць не збіраўся.

Каб затрымаць дырэктара, прыйшлі на яго працоўнае месца і затрымалі яго пры супрацоўніках.

У Гродне і раней здараліся затрыманні за рэгістрацыю ў плане «Перамогі». Як правіла, затрыманыя станавіліся абвінавачанымі па арт. 361−1 КК. Іх адпускалі пад падпіску аб нявыездзе.

Чытайце таксама: «У Гродне — больш мяккія метады». Чаму ў рэгіёне паказальна затрымліваюць дырэктараў і начальнікаў

Фірма «КліматМайстар» працуе з 2018 года. Гэта пастаўшчык сістэм вентыляцыі, кандыцыянераў і кліматычнай тэхнікі ў Беларусі.

UPD 1 верасня. Мужчыну клічуць Аляксандр Клімец, піша mediazona.by.