У Беластоку збіралі грошы для дапамогі мігрантам на польска-беларускай мяжы. Для гэтага правялі дабрачынны панк-фестываль BORDERLINE FEST VOL. 2. Ён прайшоў 26 жніўня, на ім выступілі гурты з Польшчы, Ірландыі і Вялікабрытаніі.

«На польска-беларускай мяжы працягваецца гуманітарны крызіс. Пра яго можна забыцца, таму што асноўныя СМІ ўжо даўно вырашылі, што гэтая тэма — не клікбэйт. 8 жніўня споўнілася два гады (!) з моманту, калі польскі ўрад узяў у пастку некалькі дзясяткаў у Заснажы Гурном», — напісалі арганізатары. Яны маюць на ўвазе адзін з самых драматычных момантаў мігранцкага крызісу, калі ўцекачы затрымаліся паміж дзвюма межамі: беларускія памежнікі не дазвалялі ім вярнуцца, а польскія — не пускалі ў Польшчу.

З таго моманту сітуацыя на мяжы не палепшылася. Мігранты штодня спрабуюць трапіць на тэрыторыю ЕС, нягледзячы на тое, што польскі ўрад пабудаваў плот уздоўж мяжы і перадыслакаваў да мяжы мноства жаўнераў.

Хто і як дапамагае мігрантам

«А людзям, якія знаходзяцца ў дарозе, пастаянна патрэбная дапамога, каб дабрацца да месца прызначэння. Не выклікаючы пачуцця віны і не выстаўляючы сябе стомленымі актывістамі - праўда ў тым, што дзясяткі людзей кожны дзень ходзяць па лясах, каб аказаць першую дапамогу. Для гэтага ім патрэбныя заплечнікі, спальныя мяшкі, адзенне, ежа, сувязь і г.д», - напісалі арганізатары. Менавіта на такія выдаткі пойдуць сродкі, сабраныя на канцэрце.

Квіток каштаваў 90 злотых папярэдне і 105 — у дзень канцэрту ($ 21−25). Выступілі польскія панкі SCHIZMA, JAD, JAVVS, 𝕿𝖍𝖊 𝕯𝖆𝖒𝕹𝖆𝖙𝖎𝖔𝖓, Orphanage Named Earth, ірландскі праект Meryl Streek і Axegrinder з Вялікабрытаніі. Палічыць колькасць людзей на мерапрыемстве было складана з-за цякучкі. У Facebook амаль 200 чалавек адзначылі, што наведалі канцэрт.

Арганізатары прапаноўвалі нават купіць білет, не наведваючы мерапрыемства: «Тым самым вы дапаможаце справе і дапаможаце людзям дасягнуць сваёй мэты». Таксама на ўваходзе ўсталявалі «банку салідарнасці», якую можна было папоўніць. Яшчэ можна было купіць мерч супольнасці і музычных гуртоў.

Мігранты — «яблык разладу» ў Польшчы

Прымаць ці не мігрантаў, якія перасякаюць мяжу па-за пунктамі пропуску, — спрэчнае пытанне ў польскім грамадстве. Кіруючая партыя PiS і іншыя правыя сілы лічаць, што пускаць мігрантаў у Польшчу ні ў якім разе нельга. Левыя партыі і актывісты лічаць, што правы чалавека важнейшыя — і бежанцаў з краін Блізкага Усходу і Афрыкі трэба прыняць. Пытанне плота на мяжы з Беларуссю настолькі палітызаванае, што кіроўная партыя нават прапанавалі правесці на гэтую тэму рэферэндум адначасова з парламенцкімі выбарамі, прызначанымі на 15 кастрычніка 2023 года.