У Беластоку збіралі грошы для дапамогі мігрантам на польска-беларускай мяжы. Для гэтага правялі дабрачынны панк-фестываль BORDERLINE FEST VOL. 2. Ён прайшоў 26 жніўня, на ім выступілі гурты з Польшчы, Ірландыі і Вялікабрытаніі.
“На польска-беларускай мяжы працягваецца гуманітарны крызіс. Пра яго можна забыцца, таму што асноўныя СМІ ўжо даўно вырашылі, што гэтая тэма — не клікбэйт. 8 жніўня споўнілася два гады (!) з моманту, калі польскі ўрад узяў у пастку некалькі дзясяткаў у Заснажы Гурном”, – напісалі арганізатары. Яны маюць на ўвазе адзін з самых драматычных момантаў мігранцкага крызісу, калі ўцекачы затрымаліся паміж дзвюма межамі: беларускія памежнікі не дазвалялі ім вярнуцца, а польскія — не пускалі ў Польшчу.
З таго моманту сітуацыя на мяжы не палепшылася. Мігранты штодня спрабуюць трапіць на тэрыторыю ЕС, нягледзячы на тое, што польскі ўрад пабудаваў плот уздоўж мяжы і перадыслакаваў да мяжы мноства жаўнераў.
Хто і як дапамагае мігрантам
“А людзям, якія знаходзяцца ў дарозе, пастаянна патрэбная дапамога, каб дабрацца да месца прызначэння. Не выклікаючы пачуцця віны і не выстаўляючы сябе стомленымі актывістамі – праўда ў тым, што дзясяткі людзей кожны дзень ходзяць па лясах, каб аказаць першую дапамогу. Для гэтага ім патрэбныя заплечнікі, спальныя мяшкі, адзенне, ежа, сувязь і г.д”, – напісалі арганізатары. Менавіта на такія выдаткі пойдуць сродкі, сабраныя на канцэрце.
Квіток каштаваў 90 злотых папярэдне і 105 – у дзень канцэрту ($ 21-25). Выступілі польскія панкі SCHIZMA, JAD, JAVVS, 𝕿𝖍𝖊 𝕯𝖆𝖒𝕹𝖆𝖙𝖎𝖔𝖓, Orphanage Named Earth, ірландскі праект Meryl Streek і Axegrinder з Вялікабрытаніі. Палічыць колькасць людзей на мерапрыемстве было складана з-за цякучкі. У Facebook амаль 200 чалавек адзначылі, што наведалі канцэрт.
Арганізатары прапаноўвалі нават купіць білет, не наведваючы мерапрыемства: “Тым самым вы дапаможаце справе і дапаможаце людзям дасягнуць сваёй мэты”. Таксама на ўваходзе ўсталявалі “банку салідарнасці”, якую можна было папоўніць. Яшчэ можна было купіць мерч супольнасці і музычных гуртоў.
Мігранты – “яблык разладу” ў Польшчы
Прымаць ці не мігрантаў, якія перасякаюць мяжу па-за пунктамі пропуску, – спрэчнае пытанне ў польскім грамадстве. Кіруючая партыя PiS і іншыя правыя сілы лічаць, што пускаць мігрантаў у Польшчу ні ў якім разе нельга. Левыя партыі і актывісты лічаць, што правы чалавека важнейшыя – і бежанцаў з краін Блізкага Усходу і Афрыкі трэба прыняць. Пытанне плота на мяжы з Беларуссю настолькі палітызаванае, што кіроўная партыя нават прапанавалі правесці на гэтую тэму рэферэндум адначасова з парламенцкімі выбарамі, прызначанымі на 15 кастрычніка 2023 года.



