Літва плануе закрыць яшчэ два пункты з Беларуссю, піша bns.lt са спасылкай на міністра ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце. Гэта можа адбыцца ўжо найбліжэйшым часам. Таксама краіны Балтыі назвалі крытэрыі, якія могуць прымусіць поўнасцю закрыць мяжу з Беларуссю.

“МУС прапануе закрыць яшчэ два пункты. Гэта памежныя пункты “Лаварышкі” [«Катлоўка» з беларускага боку – Hrodna.life] і “Райгардас” [“Прывалка” – Hrodna.life], – паведаміў міністр журналістам у Варшаве ў панядзелак.

Прапанова ўжо пададзеная. “Усе працэдуры завершаны і, мяркуючы па ўсім, пасля разгляду і прыняцця рашэння, гэта павінна быць зроблена ў бліжэйшы час», – удакладніла міністр.

UPD. 29 жніўня прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманітэ расказала ў інтэрв’ю LRT, што ўрад Літвы ў бліжэйшы час не плануе закрываць новых пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю.

— У бліжэйшы час, вядома, не будзе ніякіх рашэнняў адносна закрыцця нейкіх дадатковых пунктаў пропуску, але ёсць цалкам лагічны план, у якім прапісана скарачэнне колькасці пунктаў пропуску, праз якія можна перасекчы літоўска-беларускую мяжу, <…> да поўнага закрыцця, якое адбудзецца ўжо па ўзгадненні з іншымі краінамі, — цытуе Інгрыду Шыманітэ Zerkalo.io.

Паводле яе слоў, рашэнне аб закрыцці яшчэ двух пунктаў пропуску прынялі з мэтай пераразмеркаваць памежнікаў і скараціць колькасць кантрабанды, якая перавозіцца праз мяжу. “Нам сёння трэба, каб як мага больш супрацоўнікаў дзяжурылі ля зялёнай зоны”, – растлумачыла міністр.

Літоўскія чыноўнікі таксама папярэджваюць, што беларуская служба спрабуе завербаваць некаторых літоўцаў, якія едуць у Беларусь па бязвізу, выкарыстоўваючы шантаж і псіхалагічны ціск, зазначае выданне. Акрамя таго Літва непакоіцца наконт бяспекі ў краінах рэгіёна з-за пераезду ў Беларусь групы наймітаў “Вагнера”.

У якім выпадку мяжу закрыюць цалкам

Міністры краін Балтыі і Польшчы дамовіліся пра два асноўныя агульныя крытэры, пры якіх будзе цалкам закрыта мяжа з Беларуссю, піша таксама Delfi са спасылкай на кіраўніка міністэрства ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце.

“Іх два: па-першае, узброены інцыдэнт або інцыдэнты ля мяжы адной з краін. Ён павінен быць такім, які ўяўляе сур’ёзную пагрозу нацыянальнай бяспецы краін”, – сказала міністр. Другі крытэр – арганізаваны масавы прарыў нелегальных мігрантаў.

“Калі будзе зафіксаваны адзін з такіх інцыдэнтаў, то пройдзе аператыўны абмен інфармацыяй паміж нашымі службамі, і тады будзе прынятае рашэнне на ўзроўні ўрадаў”, – патлумачыла міністр.

Як апускаецца “жалезная заслона”

З 18 жніўня 2023 года Літва ўжо закрыла два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю – «Шумскас» («Лоша» ў Беларусі) і «Цвярачук» («Відзы»). Прычынамі называлі пагрозы з-за прысутнасці ПВК “Вагнера” ​​ў Беларусі і барацьбу з кантрабандай. Транспартны паток тады вырашылі перанакіраваць на кантрольна-прапускны пункт “Мядзінінінкай”. У гэтым пункце ёсць сістэма рэнтгенаўскага кантролю, у той час у “Цвярачук” і “Шумскас” яе няма.

Пасля закрыцця яшчэ двух пунктаў на мяжы з Літвой застануцца адкрытымі два апошнія – “Мядзінінінкай” (“Каменны Лог”) і “Шальчынінкай” (“Беняконі”).

На мяжы з Польшчай для пасажырскага транспарту і легкавых аўтамабіляў працуе толькі пункт пропуску “Цярэспаль” (“Брэст”). “Баброўнікі” закрытыя з 10 лютага 2023 года, “Брузгі” – з лістапада 2021 пасля спробы мігрантаў нелегальна прарвацца праз мяжу. Пасля закрыцця польскіх пунктаў многія, асабліва жыхары Гродна, пачалі ездзіць у Польшчу праз “Прывалку”.

На мяжы з Латвіяй пакуль працуюць абодва пункты пропуску – “Грыгароўшчына” і “Урбаны”.