Нашумелы і доўгачаканы фільм гэтага лета “Барбі” ўсё ж пакажуць у Гродне. Гродзенскі “Кінавідэапракат” абяцаў паказ з 27 ліпеня, але прэм’еры так і не адбылося.

Фільм пачнуць паказваць “у першых датах верасня”, піша “Вечерний Гродно” са спасылкай на «Гроднакінавідэапракат».

Кінатэатр “Гродна” яшчэ 17 ліпеня заінтрыгаваў падпісчыкаў Instagram анонсам “Барбі” і абяцаннем “Хутка ў кіно”. Тыдзень таму на пытанні падпісчыкаў “Дзе Барбі?” у акаўнце “Кінавідэапракату” адказвалі “Разумеем ваш смутак”.

Раней паказ фільма анансавалі ў Брэсце з 9 верасня. У Мінску афіша “Барбі” з’явілася да канца ліпеня, але ў касе журналістам казалі, што невядома, калі фільм выйдзе ў пракат – «тэрміны пераносяцца».

Сусветная прэм’ера камедыі Грэты Гервіг “Барбі” прайшла 21 ліпеня. У той жа дзень адбылася прэм’ера драмы Крыстафера Нолана “Опенгеймер” аб стваральніку амерыканскай ядзернай бомбы. Два гэтыя фільмы сталі самымі чаканымі сёлета і паказалі вяртанне цікавасці гледачоў да кінопаказаў пасля пандэміі каранавіруса.

У першыя выхадныя пасля прэм’еры сусветныя зборы “Барбі” склалі $337 млн. “Опенгеймер” сабраў $174 млн. За два з паловай тыдні ў сусветным пракаце “Барбі” сабрала мільярд долараў: $459 млн у Амерыцы і $572 млн – у свеце, пахваліліся стваральнікі фільма.

Ці пакажуць «Опенгеймер» у Беларусі, пакуль невядома.

Як наогул “Барбі” трапіла ў Беларусь і чаму паказы пераносілі

З-за санкцый, уведзеных у дачыненні да Расіі праз яе агрэсію ва Украіне, Галивуд заблакаваў паказы сусветных кінапрэм’ер у Расіі – і ў Беларусі. 3 студзеня 2023 года ў Беларусі з’явіўся закон аб паралельным імпарце, які легалізаваў у тым ліку куплю ў трэціх асоб асобна візуальнага кантэнту і асобна – агучвання. Фільмы пачалі прыходзіць ад расійскіх студый агучкі, куды яны, у сваю чаргу, траплялі таксама ў абыход санкцыяў праз трэція краіны.

Раней у Расіі анансавалі толькі анлайн-версіі «Барбі» і «Опенгеймера», і не раней за восень. Складанасці ўзніклі праз тое, што галівудскія кінакампаніі па ватэрмарках вылічылі прадаўцоў і схему паставак пірацкіх копій фільмаў у Расію, піша Office Life. Адным з такіх пастаўнікоў былі кінатэатры Казахстана. Зараз прапаноў па продажы версій стужак для вялікага экрана на расійскім рынку не засталося, адзначыла крыніца выдання.