Гродзенскі бар PODVAL пачаў працаваць на новым месцы. Зараз ён размяшчаецца на Вялікай Траецкай, 37, паведамілі на старонцы ўстановы ў Instagram.
На новым месцы бар пачаў працаваць 3 жніўня. Пакуль ён працуе ў тэставым рэжыме. «Спрабуем. Тэсціруем. Эксперыментуем. Балбочам», — напісалі ў сторыз на старонцы Instagram бара.
Што гэта за бар і дзе ён быў раней
Раней бар PODVAL размяшчаўся ў дворыку на Маставой, 31. Там выступалі мясцовыя і прыезджыя дыджэі, адбываліся канцэрты беларускіх гуртоў і выканаўцаў. Напрыклад, там выступали гродзенскія музыкі Яўген Кучмэйна з праектам .K і Opus Magnum, спявачка Iva Sativa і гродзенскі трыб’ют-гурт Rammstein — PTBS band.
Чытайце таксама: Rammstein і коцікі. Два браты, два айцішнікі і чыгуначнік адыграюць у Гродне трыб’ют улюбёнага гурта
У траўні 2022 года стала вядома, што бар PODVAL прадаюць у сувязі з пераездам. Ён дапрацаваў да канца лета, пасля чага закрыўся. Месца, куды пераехаў бар, гэта яшчэ адзін папулярны тусовачны дворык Гродна. У ім знаходзіцца некалькі ўстановаў рознага фармату, рэгулярна адбываюцца бясплатныя канцэрты на вольным паветры.
На старым месцы змяніліся правілы
У жніўні 2022 года ў папулярным сярод гродзенцаў дворыку на Маставой, 31, дзе размяшчаюцца многія бары і кавярні, забаранілі спажваць алкаголь пасля 23:00. Так вырашыла адміністрацыя будынка. Тады за гэтым сачылі ахоўнікі, якія маглі выклікаць міліцыю. У выніку многія ўласнікі ўстановаў скардзіліся на адток кліентаў. Забароны дамагліся жыхары суседніх дамоў, якім перашкаджаў шум з Маставой, 31.
Чытайце таксама: Кліенты сыходзяць, бары губляць прыбытак, дамовіцца немагчыма. Што адбываецца на Маставой, дзе пасля 23:00 не працуюць летнія пляцоўкі