Гандлёвы дом “Нёман” на вуліцы Савецкай у Гродне перайменуюць у ЦУМ, будынак рэканструююць а краму Megatop закрыюць. Пра гэта выданню Onliner расказала Марыя Ходар, намесніца дырэктара прадпрыемства “Санта-Сэрвіс”, якому належыць будынак.

Мадэрнізаваць плануюць новы “шкляны” корпус універмага. Стары пакінуць без зменаў. Рамонт хочуць правесці з верасня па снежань 2023 года. З-за гэтага ў лістападзе закрыюць краму абутку Megatop. Стары корпус гандлёвага цэнтра будзе працаваць у звычайным рэжыме.
Усталююць эскалатары і зменяць назву
Пасля рэканструкцыі гандлёвы цэнтр перайменуюць. Замест “Гандлёвы дом “Нёман”” ён будзе называцца “ЦУМ”. Для зручнасці наведвальнікаў усталююць эскалатары з першага па чацвёрты паверх. Раней падняцца можна было толькі на ліфце альбо па лесвіцы.

“Ужо сфармаваны годны пул арандатараў у гандлёвы цэнтр, але мы плануем на другім узроўні размясціць буйнога fashion-аператара, прыкладна на 1 тыс. кв.м., каб канцэпцыя была скончанай”, – сказала Марыя Ходар.
На трэцім паверсе размесцяць гандлёвую пляцоўку, дзе будуць прадаваць тавары беларускіх вытворцаў: ад аддзення да прыладаў хатняй гаспадаркі. На чацвёртым паверсе плануюць адкрыць фуд-корт і каворкінг. Панарамны ліфт і аглядную пляцоўку на даху закрываць не будуць.

Гісторыя гродзенскага ўнівермага
У лістападзе 1953 г. быў зацверджаны праект тыпавой трохпавярховай універсальнай крамы. Яго распрацавалі ў адным з ленінградскіх інстытутаў па замове міністэрства гандлю СССР. Праз некалькі гадоў, у 1958-м, праект быў рэалізаваны ў Гродне.
У 1977 годзе пачалі будаваць дадатковую плошчу для ўнівермага. Новы корпус адкрылі ў 1981 годзе. У сакавіку 1995 года прадпрыемства атрымала статус адкрытага акцыянернага таварыства.
Сёння там размяшчаюцца крамы Mark Formelle, Conte, Oz.by, Edelica, «ТВОЕ», «Мегатоп», «Belwest», Foroom, Калiнка, Panda, Elema і іншя. Працуюць рэстаран-бістро «Большой буфет», пякарня, летнія пляцоўкі.
У 2010-х гандлёвы дом “Нёман” належаў кампаніі ABC. У жніўні 2022 яго выкупіла брэсцкая кампанія “Санта Рытэйл”, якая ўваходзіць у групу кампаній “Санта”.


