Сілавікі затрымалі трэнера і адміністратарку, якія працуюць у гродзенскім футбольным клубе “Нёман”. Іх абвінавацілі ў падпісках на “экстрэмісцкія” каналы. Аб затрыманні паведаміў адзін з каналаў сілавікоў.
Затрыманы трэнер – Дзмітрый Бельскі. Ён працуе ў футбольнай спартовай школе (СДЮШАР) «Нёмана». Выпускнік факультэта фізкультуры ГрДУ мае трэнерскую ліцэнзію UEFA. Яго па відэа апазнала “Наша Ніва”.
Судзячы па відэа, Бельскага затрымалі ў лесапарку Пышкі, побач са спартовай школай, дзе ён працуе.
Затрыманая адміністратарка – Юлія Арлашына. Яна таксама працуе ў спартыўнай дзіцяча-юнацкай школе «Нёмана».
На відэа затрыманыя распавялі, што раней з імі правялі сход кіраўнікі з нагоды падпісак на экстрэмісцкія каналы.
Яны пад подпіс былі азнаёмленыя з заканадаўствам у сферы распаўсюджвання «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Раней сілавікі затрымалі спартовага дырэктара «Нёмана», былога футбаліста клуба Дзмітрыя Кавалёнка – таксама за падпіскі на «экстрэмісцкія» сацсеткі. Для яго затрыманне скончылася звальненнем з клуба.



