Жанчына са Смаргоні праз суд дамаглася маральнай кампенсацыі. Прычына кампенсацыі - смерць сына, які загінуў на вытворчасці ў красавіку 2022 года, паведаміў Вярхоўны суд.
Загінуў на прадпрыемстве, але крымінальнай справы не завялі
У 2020 годзе сын жанчыны ўладкаваўся на адно з мясцовых прыватных прадпрыемстваў. Ён працаваў укладчыкам-упакоўшчыкам, потым — аператарам на аўтаматычных і паўаўтаматычных лініях у дрэваапрацоўцы.
У красавіку 2022 года мужчына загінуў у выніку няшчаснага выпадку на вытворчасці. Яго прызналі вінаватым, бо ён, нібыта, знаходзіўся ў небяспечнай зоне працы лентачнага транспарцёра і парушыў патрабаванні інструкцыі па ахове працы.
Пасля праверкі на прадпрыемстве следчыя не знайшлі прыкмет злачынства ў дзеяннях службовых асобаў і адмовіліся заводзіць крымінальную справу.
Навошта жанчына падавала ў суд
Жанчына падала ў суд на прадпрыемства, бо з-за смерці адзінага сына яна перанесла глыбокія маральныя пакуты і цяжкі стрэс. Яна намагалася спагнаць з прадпрыемства 30 тыс. рублёў за маральныя пакуты.
Суд Смаргонскага раёна вырашыў, што прадпрыемства павінна выплаціць жанчыне маральную кампенсацыю ў тры разы менш заяўленай — 10 тыс. рублёў. Маўляў, пачатковая сума завышаная «ў сувязі з наяўнасцю грубай неасцярожнасці пацярпелага і адсутнасцю віны адказчыка ў прычыненні шкоды».
Чытайце таксама: За хабар пачалі судзіць старшыню сельвыканкама — прычынай сталі дрэвы на могілках