У судзе Ленінскага раёна Гродна судзяць Несцяровіча Андрэя Валер’евіча. Яго дадзеныя супадаюць з дадзенымі ўладальніка этнамагазіну «Цудоўня». Мужчыну судзяць паводле арт. 295 ч.2 КК «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў».
Мужчыне пагражае ад папраўчых работ да сямі гадоў калоніі.
Гродзенскага бізнесмена Андрэя Несцяровіча затрымалі 14 красавіка і падвергнулі адміністрацыйнаму арышту на 10 сутак за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў арт.19.11 КаАП. Пазней яго арыштавалі на трое сутак у рамках крымінальнай справы. Па якім артыкуле, не паведамлялі. Потым мужчына выйшаў на волю.
Этнакрама «Цудоўня» працуе ў Гродне з 2015 года. Падчас і пасля выбараў 2020 года крама сустрэлася з рэпрэсіямі: штрафамі і пазбаўленнем памяшкання. Яго ўладальнік вырашыў заставацца ў Беларусі, каб развіваць мясцовую культуру і рамёствы.