У Гродне затрымалі жанчыну, якая, па звестках УУС, падпаліла міліцэйскі аўтамабіль. Для падпалу яна абрала стаянку перад аддзяленнем міліцыі, на якой былі ўсталяваныя камеры.
Усё адбылося 21 чэрвеня каля 17.30. На вуліцы Соламавай у Гродне на стаянцы каля будынка гарадскога аддзела міліцыі (аддзяленне міліцыі № 3 «Фолюш») загарэўся службовы аўтамабіль.
На відэа, апублікаваным прэс-службай міліцыі, відаць, што нейкі чалавек робіць некалькі крокаў да аўтамабіля, падобна, палівае яго гаручай вадкасцю, успыхвае полымя і чалавек адбягае.
Пацярпелых няма, узгаранне хутка патушылі супрацоўнікамі міліцыі, удакладняе прэс-служба. У патрульнага УАЗа пашкоджана лакафарбавае пакрыццё.
Падпальшчыка шукаў увесь асабовы склад міліцыі горада. Па прыкметах супрацоўнікамі крымінальнага вышуку Кастрычніцкага РУУС затрымалі 50-гадовую гродзенку. Яе знайшлі ў самыя кароткія тэрміны, падкрэсліваюць у міліцыі.
На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Дзеянням затрыманай абяцаюць даць прававую ацэнку.
Праваабаронцы не выключаюцьт, што гэта магла быць правакацыя з боку супрацоўнікаў спецслужбаў.