На вуліцы Славацкага, 16 і 16А ў Гродне плануюць пабудаваць шматкватэрны жылы дом. Права на праектаванне і будаўніцтва прададуць з аўкцыёна. Пачатковая цана ўчастка 34,2 тыс. рублёў (€ 12,4 тыс), але дакладная дата аўкцыёна пакуль невядома. Адпаведную інфармацыю апублікавалі на сайце Гродзенскага цэнтра нерухомасці.

За кінатэатрам “Космас” хочуць пабудаваць шматкватэрны дом. Участак прадаюць не ўпершыню
Вуліца Славацкага, 16. Крыніца: gcn.by

Зараз на ўчастку плошчай 0,1980 га размяшчаюцца капітальныя пабудовы — былыя жылыя дамы ў прыватным сектары. Іх плануюць знесці разам з зялёнымі насаджэннямі. Прыкладны памер выдаткаў на знос — 260,4 тыс. рублёў.

Участак можна будзе атрымаць у арэнду на 50 гадоў. На месцы старога дома плануюць пабудаваць жылы дом не вышэй за 11 м.

Участак прадаюць не ўпершыню

Участак пад праектаванне і будаўніцтва двух-трохпавярховага дома з мансардай за кінатэатрам «Космас» выстаўлялі на аўкцыён у траўні 2019 года. Тады пачатковая цана ўчастка была 31,8 тыс. рублёў. А знос будынкаў ацэньвалі ў прыблізна 127,6 тыс. рублёў. Гэта быў не першы раз, калі ўчастак выстаўлялі на таргі.

У доме № 16А ніхто не жыве: вокны і дзверы забітыя. Акрамя гэтага, ёсць папяраджальная шыльда аб тым, што знаходзіцца побач з домам небяспечна.

Недалёка ад участка, на вуліцы Астроўскага, ёсць прыпынак грамадскага транспарту, дзіцячы садок, а таксама кінатэатр.

Чытайце таксама: У Калбасіно збудуюць новы квартал. Мусіла быць школа, але выявілася — надта дорага