Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці 16 чэрвеня вырашыла, што ў Аляксандра Бірылава “недастатковая кваліфікацыя”. Раней на працягу 1,5 гадоў Бірылаў тры разы атрымліваў адтэрміноўку атэстацыі нібыта з-за таго, што ён “не поўнасцю адпавядае патрабаванням заканадаўства” і паказаў “недастатковы ўзровень ведаў заканадаўства”. Пра гэта паведаміў канал аб палітычным пераследзе ў Гродне “Право имеют” .
Хто такі адвакат Аляксандр Бірылаў?
Бірылаў адпрацаваў адвакатам 26 гадоў. Спецыялізацыя – грамадзянскае і крымінальнае права. Апошнія гады ён працаваў у юрыдычнай кансультацыі Кастрычніцкага раёна Гродна.
У 2020-2023 гадах ён абараняў:
- журналіста і актывіста Саюза палякаў Анджэя Пачобута,
- журналіста і грамадскага дзеяча Паўла Мажэйку,
- журналіста-расследавальніка Дзяніса Івашына,
- музыку Ігара Банцэра,
- палітвязня Сяргея Рымшу,
- абвінавачаных па справе Мікалая Аўтуховіча,
- рэдактара Hrodna.life Аляксея Шоту і іншых.
Але ён займаўся палітычнымі справамі і да 2020 году. “Радыё Свабода” згадвае, што ён бараніў:
- супрацоўнікаў недзяржаўнай газеты “Пагоня” Міколу Маркевіча і Паўла Мажэйку па адной з першых палітычных справаў у Беларусі яшчэ ў 2001-2002 гадах,
- лідара страйкама прадпрымальнікаў у пачатку 2000-х Валерыя Леванеўскага,
- журналіста Анджэя Пачобута падчас першага яго крымінальнага працэсу ў 2011-2012 гадах.



