Протаіерэя Аляксандра Велісейчыка вызвалілі ад пасады благачыннага Гродзенскай гарадской царкоўнай акругі згодна з пададзеным ім прашэннем. Яму зладзілі цкаванне ў праўладных каналах.

Аляксандр Велісейчык
Аляксандр Велісейчык. Фота: Гродзенская епархія

Благачынны — святар, які ўзначальвае благачынніцкую акругу (на іх дзеліцца епархія). Гэта адміністратар, які дапамагае епіскапу кіраваць епархіяй.

Аляксандр застаўся настаяцелем прыхода храма святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра ў Гродне (Уладзімірская царква на Перамогі, 5, каля шклозавода). Пра гэта 14 чэрвеня 2023 года выдаў указ архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній.

Цкавалі ў каналах

Аляксандру Велісейчыку 49 гадоў. Вучыўся ў Варшаўскай хрысціянскай тэалагічнай акадэміі. Служыць настаяцелем у храме святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра Гродна.

У блізкім да сілавікоў Telegram-канале «Гродненские сливы» Велісейчыку з 2019 года прысвяцілі не менш за пяць пастоў. Яго папракалі ў лаяльнасці прадэмакратычнаму архіепіскапу Арцемію і казалі аб махлярстве.

Рэдакцыя Hrodna.life пісала пра розныя выпадкі пераследу святароў — ад пераводу ў іншыя прыходы да затрымання.

Чытайце таксама: Мітрапаліт Веніямін у Гродне: «Ніякіх подпісаў не збіраць!»