У Гродне на вуліцы Шчаснага пад слоем асфальту выявілі брукаванку. Фотаздымкі брукаванай дарогі апублікаваў Newgrodno.by.

Брукаваную дарогу ля палітэхнічнага каледжа выявілі ў час рамонту будаўнікі. Візуальна былое пакрыццё дарогі выглядае няблага. Неўзабаве яго закрыюць новым слоем асфальту.
Не першая падобная знаходка ў гэтым годзе
У сакавіку 2023 года падчас рамонту на вуліцы Цітова пад асфальтам знайшлі кавалак брукаванай дарогі. Тады на вуліцы змянялі дарожнае пакрыццё на ўчастку ад Савецкіх пагранічнікаў да Мікалаева.
Як даўно ў Гродне брукавалі вуліцы
Гродзенскія вуліцы пачалі брукаваць ў сярэдзіне ХVIII стагоддзя. Першапачаткова вуліцы закладалі звычайным палявым каменнем. Ён быў неапрацаваным, клаўся адзін каля аднаго і называўся ў народзе «кацінымі ілбамі». Такая назва ўзнікла з-за падабенства круглых камянёў да ілбоў котак. Да пачатку XX стагоддзя забрукавалі амаль увесь цэнтр Гродна.
Чытайце таксама: Гродзенская брукаванка: 5 вуліц, па каторых можна прагуляцца, як 100 гадоў таму