Гродзенская праўладная актывістка Вольга Бондарава, кажа, што кіраўнік абласной міліцыі высунуў супраць яе галаслоўныя абвінавачанні. Яна запатрабавала ад кіраўніка ўпраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрыя Разянкова прад’явіць ёй афіцыйныя абвінавачанні. Пра гэта жанчына напісала ў сваім Telegram-канале.
Што адбылося?
Вольга Бондарава 15 чэрвеня 2023 года апублікавала ў сваім Telegram-канале зварот да Дзмітрыя Разянкова. Яна абвінаваціла яго ў паклёпе. Прычына — Разянкоў нібыта абвінаваціў Бондараву ў «арганізацыі дзеянняў, груба парушаючых грамадскі парадак і накіраваных на захоп улады сілавым шляхам, а таксама ў працы на замежныя спецслужбы». Пра гэта Бондарава даведалася ад чалавека, які быў у Разянкова на прыёме.
Што Бондарава пісала ў звароце
«Мне стала вядома пра тое, што вы асмеліліся распаўсюджваць пра мяне не адпаведныя рэчаіснасці звесткі, што нібыта я з’яўляюся «другім «Ціханоўскім» абражваю Ю.Х.Караева [Юрый Караеў - памочнік Аляксандра Лукашэнкі - інспектар па Гродзенскай вобласці] і У.С. Караніка [старшыня Гродзенскага аблвыканкама], што з-з такіх, як я, адбыўся дзяржпераварот», — напісала Бондарава.
Бондарава прапанавала Разянкову сустрэцца
Праўладная актывістка напісала, што «адчувае іспанскі сорам» за такія паводзіны беларускага афіцэра вышэйшага рангу. Таксама патрабавала прад’явіць ёй афіцыйныя абвінавачанні, калі да яе ёсць прэтэнзіі. У сваім звароце жанчына прапанавала Разянкову сустрэцца, каб «расставіць усе кропкі над і» і больш не вяртацца да гэтага пытання.
У лісце жанчына падпісалася як «Вольга Бондарава, грамадскі дзеяч, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, ябацька».
Чытайце таксама: