Участак парушанага тарфяніка «Гарачы Бор» у Шчучынскім раёне чакае экалагічная рэабілітацыя. Яе правядуць шляхам паўторнага забалочвання. Пакуль праект на стадыі падрыхтоўкі навуковага абгрунтавання і тэхнічнага задання.
У планах — распрацаваць карту-схему ўчастка парушанага тарфяніка «Гарачы Бор», які падлягае экалагічнай рэабілітацыі, навуковае абгрунтаванне эка-рэабілітацыі і тэхнічнае заданне.
Упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання Шчучынскага райвыканкама праводзіць закупку з адной крыніцы. На гэта выдаткуюць 10 000 рублёў з раённага бюджэту. Работы правядуць з 12 чэрвеня па 30 лістапада 2023 года.
Арганізацыя, якая гэтым зоймецца, павінна мець вопыт падрыхтоўкі навуковых абгрунтаванняў экалагічнай рэабілітацыі парушаных тарфянікаў. Таксама ў ёй павінны быць кваліфікаваныя спецыялісты-балотаведы і арнітолагі.
Аднаўленне балот
Аднаўленне парушаных тарфянікаў прадугледжана законам. Пералік тарфянікаў, якія падлягаюць рэабілітацыі, устаноўлены дадаткам 2 да Пастановы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя
Тарфянік «Гарачы Бор» плошчай 6260 га размешчаны ў Шчучынскім раёне. 5932 га ўваходзяць у склад Рэспубліканскага заказніка «Котра», 328 га — у зямельны фонд. Тарфянік у межах заказніка знаходзіцца ў стане, блізкім да натуральнага. А 259,2 га тарфяніка ў зямельным фондзе парушылі ў выніку торфаздабычы. Іх і трэба аднавіць.
Навошта патрэбныя балоты
Агульная плошча балот у Беларусі да асушэння складала 2 939 000 гектараў. Гэта 14% ад тэрыторыі краіны. Цяпер захавалася ў натуральным ці блізкім да натуральнага стане 863 000 гектараў балот. Беларускім балотам каля 12 тысяч гадоў. Іх зараджэнне звязана з раставаннем леднікоў Валдайскага і Дняпроўскага перыядаў.
Ва ўсім свеце ў нетрах балот змяшчаецца 11 500 км3 прэснай вады — у пяць разоў больш, чым ва ўсіх рэках свету. На балотах жыве больш за 40% відаў птушак, 30% відаў насякомых, расце больш за 40% відаў дзікарослых раслін, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
У Беларусі была грамадская арганізацыя «Багна», якая займалася абаронай балот. У жніўні 2021 года яе ліквідавалі па рашэнні суда.
Чытайце таксама: «Калі за птушкамі, то вам — сюды». Як гродзенскі арнітолаг пасылае ўсіх у балота (+дрон-відэа)