У Лідскім РАУС памёр мясцовы жыхар Дзмітрый Сарокін. Сафію Сапегу вызвалілі па памілаванні. У Гродне былога сілавіка судзяць за разгалашэнне таямніцы. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці c 5 па 11 чэрвеня.

Праграміста Аляксандра Лагуту асудзілі да двух з паловай гадоў «хіміі» за «паклёп» на Лукашэнку

25 траўня 2023 года ў судзе Слоніма і Слонімскага раёна 40-гадовага Аляксандра Лагуту асудзілі да двух з паловай гадоў «хіміі» — паводле ч.2 арт. 367 КК «Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Бок дзяржабвінавачання прасіў прысудзіць яго да трох гадоў «хіміі», паведамляе «Вясна».

Прысуд агучыў суддзя Аляксандр Ярмолік. Лагута знаходзіўся пад вартай з 9 снежня 2022 года да 22 сакавіка 2023 года. Да суда яго вызвалілі пад заклад.

Падчас пасяджэння яго абвінавачвалі ў тым, што з 22 жніўня да 4 верасня 2020 года ён апублікаваў тры каментары ў Telegram-чаце «Слоним для жизни», які абвінавачванне палічыла «загадзя ілжывай інфармацыяй», якая «прыніжае гонар і годнасць Лукашэнкі».

Аляксандр Лагута прызнаў віну і раскаяўся. Таксама ён паведаміў, што яму трэба аднаўленне пасля аперацыі.

Аляксандр Лагута
Аляксандр Лагута. Фота: «Вясна»

Прадставілі новага кіраўніка Смаргонскага РАУС

У райвыканкаме прадставілі новага начальніка РАУС — падпалкоўніка міліцыі Дзмітрыя Місюка.

Дзмітрый Місюк родам з Нарачы Мядзельскага раёна. З 2003 па 2008 гады быў курсантам Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Пасля заканчэння ВНУ працаваў на пасадзе оперупаўнаважанага ў аддзеле крымінальнага вышуку Мядзельскага райвыканкама, затым праходзіў службу ў аддзеле па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, у 2012 годзе ўзначаліў АБЭЗ Мядзельскага РАУС.

У лютым 2013 года стаў начальнікам Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. У красавіку 2018 года паступіла прапанова ўзначаліць Астравецкі РАУС. З чэрвеня 2023 года Дзмітрый Місюк — начальнік Смаргонскага РАУС.

Дзмітрый Місюк
Дзмітрый Місюк. Фота: УУС Гродзенскага аблвыканкама

У Ваўкавыску затрымалі больш за 15 работнікаў мясцовага мясакамбіната

Некаторых пасля праверкі тэлефонаў адпусцілі. Паводле крыніцаў «Нашай Нівы», сілавікі 1 і 2 чэрвеня «адпрацоўвалі мясцовы мясакамбінат». Некаторых затрыманых пасля праверкі тэлефонаў адпусцілі.

«У тэлефонах шукалі падпіскі на „экстрэмісцкія“ Telegram-каналы і палітычныя фота- і відэаматэрыялы. Колькі пакінулі пасля праверкі людзей на „суткі“, невядома», — распавёў жыхар Ваўкавыска.

«Людзей забіралі на прахадной прадпрыемства, а таксама на аўтобусным прыпынку», — паведаміў іншы чалавек.

Незалежнага назіральніка з Гродна Андрэя Навасельчана прысудзілі да двух гадоў калоніі

Яшчэ 8 лютага 2023 года ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму асудзілі інжынера Андрэя Навасельчана. Вядома, што ён таксама быў незалежным назіральнікам на выбарах-2020, паведамляе «Вясна».

Яго прызналі вінаватым адразу па трох артыкулах: арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады», ч.1 арт. 368 «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», ч. 1 арт. 342 «Арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

Андрэя судзілі за ўдзел у гродзенскіх маршах і каментары ў Telegram. Першы з іх нібыта быў накіраваны на заахвочванне да ўдзелу ў маршах. Яшчэ некалькі былі пакінутыя ў чатах у бок супрацоўнікаў міліцыі і нібыта прыніжалі іх гонар і годнасць. Паводле абвінавачання, Навасельчан таксама пакінуў каментары ў бок Лукашэнкі, якія ўтрымлівалі зневажальную інфармацыю і негатыўную ацэнку Лукашэнкі. Каментары выявілі падчас аднаго з маніторынгаў чатаў.

Справу разгледзеў суддзя Уладзімір Пазняк. Таксама вядома, што Навасельчан павінен выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды і дзяржпошліну, аднак іх сума невядомая.

Ён прызнаны палітвязнем.

Андрэй Навасельчан
Андрэй Навасельчан. Фота: «Вясна»

YouTube выдаліў канал ГУБАЗіКА

Там выпусцілі 13 відэа. Уладальнікі канала будуць абскарджваць у надзеі аднавіць яго. Выдалілі канал пасля відэа пра затрыманага святара, які нібыта распаўсюджваў парнаграфію непаўналетнім.

Старшыня Саюза палякаў Беларусі атрымае званне ганаровага грамадзяніна Познані

Анжаліка Борыс стане ганаровай грамадзянкай горада Познань. Дэпутаты гарадской рады прынялі рашэнне аб прысваенні ёй дадзенага звання, піша Беларуская служба Польскага радыё.

Анжелика Борис
Анжаліка Борыс. Фота: яе Facebook

Сафію Сапегу вызвалілі па памілаванні

Забіраць яе прыехаў асабіста губернатар Прыморскага краю. Ён выказаў надзею, што далейшае жыццё дзяўчыны складзецца добра, паведамляе «Вясна».

Софья Сапега
Сафія Сапега. Фота: «Вясна»

Суд Ленінскага раёна Гродна 5 чэрвеня прызнаў экстрэмісцкай інфармацыяй:

  • Telegram-канал «Radio 97»,
  • Інтэрнэт-рэсурс з назвай «Радио 97 | Давайте искать правду вместе!»,
  • Старонка ў Twitter «Радыё 97»,
  • Суполка Facebook «Радыё 97»,
  • Старонка ў Instagram пад назвай radio97net,
  • Youtube-канал «Радыё 97»,
  • Youtube-канал «Радыё 97 Палiтыка»,
  • Youtube-канал «Радыё 97 ART»,
  • Youtube-канал «Радыё 97 News»,
  • Акаунт з назвай «radio97net» в TikTok,
  • лагатып «RADIO 97 NET»,
  • лагатып «РАДИО 97»,
  • вадзяны знак «RADIO 97 NET».

Трэці прысуд палітвязню з Баранавічаў Уладзіміру Гундару пакінулі без зменаў

6 чэрвеня Гродзенскі абласны суд разглядаў апеляцыйную скаргу на апошні прысуд Уладзіміру Гундару. Трое суддзяў наважылі пакінуць пастанову першага суда без зменаў-20 гадоў калоніі агулам, 2.5 года паводле апошняй справы, паведамляе «Вясна Брэст».

З 1 чэрвеня Гундар знаходзіцца ў карцэры турмы № 1 Гродна. Пакаранне атрымаў за тое, што не прадставіўся па турэмным пратаколе. Тэрмін пакарання заканчваецца 10 чэрвеня.

Як стала вядома «Вясне Брэст», 7 чэрвеня адразу пасля апеляцыі на апошні прысуд, баранавіцкага палітвязня пачалі этапаваць у бабруйскую калонію. 6 чэрвеня жонцы Гундара суд у адказ на запыт на спатканне сказаў, каб жанчына патэлефанавала 9 чэрвеня і тады атрымае дазвол.

Уладзімір Гундар. Фота: "Гродзенскай праўды"
Уладзімір Гундар. Фота: «Гродзенскай праўды»

Гродзенца асудзілі за «пагрозы і калецтвы» супрацоўніку Дэпартамента аховы

Паводле версіі сілавікоў, двое мужчын абразілі супрацоўніцу крамы на вул. Малышчынскай каля пяці раніцы. Яна націснула трывожную кнопку, але мужчыны сышлі да прыбыцця міліцыі. Іх знайшлі, калі яны ішлі дадому. Адзін з іх спыніўся, другі пабег. За ім пагналіся, паведамляе «Гродна Плюс».

Абвінавачаны пагражаў супрацоўніку тым, што з’яўляецца майстрам спорту па грэка-рымскай барацьбе. Акрамя падсечак, загінаў і захопаў у ход пайшлі і пазногці, спрабуючы зняць амуніцыю байца, мужчына падрапаў яму твар і пагражаў адкусіць нос.

Паводле ч. 2 арт. 363 КК яму прызначылі два гады «хатняй хіміі». Мужчына працаўладкаваны, у яго на ўтрыманні знаходзяцца двое малалетніх дзяцей. Ён заплаціць пацярпеламу 1500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

У Лідзе ў будынку міліцыі памёр чалавек

У Лідскім РАУС 1 чэрвеня 2023 года памёр мясцовы жыхар Дзмітрый Сарокін. Дзяжурны Лідскага РАУС фактычна падцвердзіў смерць Сарокіна выданню Zerkalo.io, а таксама параіў за інфармацыяй звярнуцца да сваякоў памерлага.

Дзмітрый Сарокін
Дзмітрый Сарокін. Крыніца: Старонка Дзмітрыя ў «ВКонтакте».

Стала вядомая прычына, чаму мог змяніцца лайн-ап Viva Braslav

Артысты Instasamka і Moneyken не змогуць прыняць удзел у фестывалі Viva Braslav 2023 «па незалежных ад арганізатараў прычынах». Актывістка з Гродна Вольга Бондарава звярталася да ўладаў з просьбай скасаваць выступ. Вольга Бондарава парадавалася адмене выступу і падзякавала «Вользе Мікалаеўне». Верагодна, маецца на ўвазе Вольга Чамаданава, начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама. Раней яна абурылася афішамі.

Дацкае выданне Ekstra Bladet паведаміла, што дыджэй Martin Jensen, які не раз станавіўся найлепшым дыджэем Даніі, а ў 2016 годзе трапіў у топ-100 DJ Mag, даведаўшыся, што ў ліпені ў яго запланаваны сэт на фестывалі Viva Braslav у Беларусі, адмовіўся ад удзелу.

Instasamka & Moneyken
Instasamka & Moneyken. Фота: avatars.mds.yandex.net

Калонію — на хатнюю хімію. Карупцыянеру са Скідзельскага цукровага камбіната хочуць змякчыць пакаранне

Сяргея Кулікоўскага, аднаго з экс-кіраўнікоў Скідзельскага цукровага камбіната, збіраюцца перавесці на «хатнюю хімію». У студзені 2021 года яго асудзілі ў Гродзенскім раённым судзе на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прычынай сталі хабары.

У Ваўкавыску рэзервіста судзяць за няяўку на зборы

У судзе Ваўкавыскага раёна 9 чэрвеня пачалі разглядаць справу паводле арт. 436 ч.1 КК «Ухіленне рэзервіста або ваеннаабавязанага ад яўкі на зборы (заняткі)». Абвінавачаны — Аляксандр Даўкша. Мужчыне пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.

У Гродне былога сілавіка судзяць за разгалашэнне таямніцы. Ён ужо судзіўся за сваё звальненне

У Гродне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса судзяць Сяргея Ціхага. Яго абвінавацілі ў распаўсюдзе службовай і дзяржаўнай таямніц. Верагодна, гэта былы начальнік аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Гродзенскага РАУС. Пасяджэнне па двух артыкулах КК пройдзе ў Гродзенскім абласным судзе 12 чэрвеня. Гэта арт. 375 ч.1 КК «Наўмыснае разгалашэнне службовай таямніцы» і арт. 373 ч. 2 КК «Наўмыснае разгалашэнне дзяржаўнай таямніцы». Суддзя — Аляксандр Козел. Абставіны справы невядомыя.

Сяргей Ціхі.
Сяргей Ціхі. Скрыншот з сайта УУС Гродзенскага аблвыканкама

У Гродне каля консульства Польшчы паставілі прапагандысцкія плакаты. Што там намалявана і чаму

У Гродне насупраць будынка Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча хтосьці расставіў стэнды, прысвечаныя плоту на мяжы, ядзернай зброі і… Бандэры. Праўладны тэлеканал сцвярджае, што іх паставілі «беларускія палякі», нязгодныя з палітыкай польскага ўрада.

плакаты ля консульства
Плакаты насупраць будынка консульства. Крыніца: відэа «Гродна Плюс», скрыншот Hrodna.life.life

Праз суд ліквідуюць фонд «Крэўскі замак». Ён 18 гадоў вывучаў і дапамагаў захоўваць спадчыну Крэва

Мясцовы дабрачынны фонд «Крэўскі замак» ліквідуюць у Гродзенскім абласным судзе 16 чэрвеня. Фонд праводзіў валанцёрскія летнікі ў Крэве. Там знаходзіцца адзін з самых старажытных замкаў, адкуль уцякаў Вітаўт, дзе задушылі Кейстута і падпісалі Крэўскую унію.

У Ленінскім РАУС — новы начальнік

У Ленінскім раённым аддзеле ўнутраных спраў у Гродне прадставілі новага кіраўніка. Ім прызначылі Канстанціна Смалякова. Да гэтага Смалякоў працаваў першым намеснікам начальніка Кастрычніцкага РУУС Гродна.

Канстанцін Смалякоў - начальнік Ленінскага РАУС Гродна
Новае прызначэнне ў гродзенскай міліцыі. Фота: «Гродна Плюс»