ААТ «Гродзенскі шклозавод» атрымае 6 млн рублёў (больш за $ 2 млн) з інавацыйнага фонду Гродзенскага аблвыканкама. Усе яны сыдуць на пагашэнне крэдыту па будаўніцтве прадпрыемства па вытворчасці шкляных бутэлек у свабоднай эканамічнай зоне «Гроднаінвест» у Аульсе.
Грошы выдзеляць згодна з пастановай Савета Міністраў № 367 ад 3 чэрвеня 2023 года. Па ўмовах, іх можна выдаткаваць толькі на выплату (пакрыццё) працэнтаў па крэдыце. Яго выдаў «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» на інвестпраект па будаўніцтве вытворчасці шкляной тары з выкарыстаннем інавацыйных энергаэфектыўных і рэсурсазберагальных тэхналогій.
Вытворчасць пачалі будаваць вясной 2021 года. Генпадрадчыкам выступіў ААТ"Гроднапрамбуд". Работы збіраліся завяршыць да кастрычніка 2022 года. У жніўні 2022 года будоўля перажыла пажар. Яго тушылі пяць цыстэрнаў МНС. У канцы 2022 года тэрмін будаўніцтва новага завода працягнулі да 30 чэрвеня 2023 года ўключна. У студзені 2023 года стала вядома, што ў рамках адладкі абсталявання і прамысловых выпрабаванняў прайшло распальванне шклаварнай печы.
Печ новай вытворчасці зможа вырабляць 220 тон шкла на суткі. На новым заводзе збіраюцца вырабляць больш за 240 мільёнаў піўных бутэлек на год. На вытворчасці будзе выкарыстоўвацца новая для Беларусі тэхналогія трохкропельнага рэжыму працы і тэхналогія вырабу палегчанай тары спосабам NNPB. Запусціць вытворчасць плануюць у другой палове 2023 года.
Завод у Аульсе вырашылі будаваць для задавальнення попыту на шкляную тару і ўпакоўку як альтэрнатыву пластыку. Цяперашняе прадпрыемства ААТ «Гродзенскі шклозавод» знаходзіцца ў цэнтры горада і не можа нарошчваць вытворчыя магутнасці.