Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы 29 траўня 2023 ўвяло санкцыі супраць 365 асобаў, якія звязаныя з рэжымам Лукашэнкі. У спісе 159 дэпутатаў, 76 суддзяў, 32 прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі, 28 сілавікоў, а таксама сем пракурораў і супрацоўнікі дзяржаўных медыя, якія займаюцца прапагандай. Hrodna.life паглядзеў, хто са звязаных з Гроднам людзей патрапіў пад польскія санкцыі. 

Паводле МУС Польшчы асобы, якія патрапілі пад санкцыі, займаюцца легітымацыяй і падтрымкай рэпрэсіўнай палітыкі рэжыма Аляксандра Лукашэнкі і нясуць адказнасць за палітычны пераслед грамадзян, у тым ліку за вырак гродзенскаму журналісту Анджэю Пачобуту.  Асобася якія патрапілі ў санкцыйны спіс забароняць уезд у шэнгенскую зону, а таксама заблакуюць рахункі.

Хто патрапіў пад санкцыі

  • Юрый Караеў – памочнік Аляксандра Лукашэнкі – інспектар па Гродзенскай вобласці;
  • Алена Патапава – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі;
  • Лілія Кір’як – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі;
  • Андрэй Ярошык – кіраўнік 9-га упраўлення ГУБАЗіК па Гродзенскай вобласці;
  • Іван Ціхан – спартовец, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года выказваўся ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі; 
  • Алег Раманаў – кіраўнік партыі “Белая Русь”. Да сакавіка 2021 года быў першым прарэктарам ГрДУ імя Янкі Купалы. Потым быў рэктарам Полацкага ўніверсітэта;
  • Ігар Гедзіч – дырэктар Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, дэпутат Гродзенскага гарадскога савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі; 
  • Віктар Лісковіч – старшыня Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, член Савета Рэспублікі. Раней быў намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама;
  • Дзмітрый Разянкоў – кіраўнік упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама; 
  • Дзмітрый Бубенчык – суддзя, якія асудзіў Анджэя Пачобута да васьмі гадоў зняволення;
  • Ігар Папоў – кіруючы справамі Гродзенскага аблвыканкама;
  • Валянцін Байко – член Савета Рэспублікі, уладальнік кампаніі “Контэ Спа”. У снежні 2016 атрымаў крэдыт ад польскага дзяржаўнага банка на будаўніцтва ГЗК Triniti. У 2022 годзе патрапіў пад канадскія санкцыі з-за вайны ва Украіне. 

Польшча не толькі ўвяла санкцыі, але і закрыла мяжу

У межах ціску на рэжым Аляксандра Лукашэнкі з 1 чэрвеня 2023 года Польшча закрые мяжу з Беларуссю для беларускіх і расійскіх грузавікоў. Адпаведнае рашэнне прыняла Міністэрства унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы. Закрыццё мяжы тлумачаць пытаннямі “забеспячэння грамадскай бяспекі”. Забарона на ўезд у Еўрасаюз расійскіх і беларускіх грузавікоў існавала і раней, але некаторыя фуры маглі праязджаць па спецыяльных прапусках. Іх маглі атрымаць фармацэўтычныя, медычныя, сельгаспадарчыя кампаніі.

Раней Польшча закрыла памежныя пункты пропуска “Кузніца” (у лістападзе 2021) і “Баброўнікі” (у лютым 2023).