Пра землятрус у Гродзенскай вобласці магнітудай 4,2 бала (з 12 магчымых) паведаміў Еўрапейска-Міжземнаморскі сейсмалагічны цэнтр са спасылкай на Патсдамскі цэнтр імя Гельмгольца. Але, як высветлілася, землятруса насамрэч магло і не быць.

У Гродзенскай вобласці адбыўся “землятрус Шродзінгера”: яго зарэгістравала аўтаматыка ў Нямеччыне, але Акадэмія навук яе абвяргае
Сейсмалагічная дыяграма. Крыніца: depositphotos

Эпіцэнтр землятруса быў у Навагрудскім раёне, у 28 км на паўднёвы ўсход ад Ліды і ў 21 км на паўночны захад ад Навагрудка. Глыбіня залягання – каля 10 км, з-за гэтага на паверхні зямлі ён мог не адчувацца. 

У Беларусі адмаўляюць землятрус

У Беларусі землятрус не зафіксавалі. “Адзіная краіна, якая зафіксавала гэтую з’яву, – Германія, служба “Геафон”. Ніводная іншая краіна пра гэта нічога не сказала, і беларускія сейсмалагічныя станцыі не зарэгістравалі гэтую з’яву”, – сказала загадчыца аддзела апрацоўкі і аналіза дадзеных маніторынга Цэнтра геафізічнага маніторынга НАН Беларусі Таццяна Аронава. “Мы паглядзелі ўсе запісы на нашай тэрыторыі і іншых краін – гэтых звестак няма нідзе. Альбо гэтая інфармацыя памылковая, альбо размешчана спецыяльна, каб увесці ў зман грамадства”. 

Патрэбна праверка геафізікаў

На сайце Патсдамскага цэнтра Гельмгольца, які зафіксаваў землятрус, пазначана, што параметры землятруса акрэсліваюцца аўтаматычна. Без праверкі геафізікам дадзеныя могуць быць памылковымі.

У Беларусі было дзевяць землятрусаў

Усяго на тэрыторыі Беларусі было дзевяць землятрусаў. Чатыры з іх – гістарычныя (запісаныя са слоў жыхароў), пяць – інструментальна зарэгістраваныя. Самымі адчувальнымі былі землятрусы ў 1940-м, 1977-м і 1986-м гадах. Тады землятрусы адбываліся ў Румыніі. Ачаг быў зарэгістраваны ва Усходніх Карпатах, а хвалі даходзілі да Беларусі. У 2004 годзе да Беларусі дайшлі хвалі землятруса, які адбыўся ў Калінінградскай вобласці. 

Землятрусы, якія зарэгістравалі прылады, адбываліся ў Салігорскім горнапрамысловым раёне. 

Беларусь на стабільным месцы для землятрусаў

Беларусь знаходзіцца ў заходняй частцы Усходнееўрапейскай платформы, якая з’яўляецца стабільным і нерухомым месцам. Таму Беларусь знаходзіцца ў зоне слабай сейсмічнай актыўнасці.