На скрыжыванні вуліцы Горкага і бульвара Ленінскага камсамола плануюць пабудаваць рэстаран для студэнтаў. Ён будзе двухпавярховы, а яго плошча складзе 1,4 тыс. кв. м. Праект прэзентавалі 22 траўня 2023 года ва ўпраўленні будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама.

Што будзе ў рэстарацыі
Будучы рэстаран будзе размяшчацца побач з крамай “Фіялка”. У ім плануюць размясціць чатыры абедзеныя залы на 40-45 месцаў кожная: дзве на першым паверсе і дзве на другім. Таксама на другім паверсе будуць выхады на тры летнія тэрасы: адна будзе выходізць на БЛК, другая на Горкага, трэцяя – у двор, дзе інвестар павінен пабудаваць дзіцячую пляцоўку. Яе памеры – 15 на 30 м. Там плануюць стварыць неабходную інфраструктуру: горкі, арэлі, сценкі і бяспечнае пакрыццё.
На другім паверсе плануецца стварыць нешта падобнае да фудкорта, дзе будуць прадстаўлены ўстановы з рознымі тыпамі кухні.
Чаму рэстаран можа стаць “студэнцкім”?
Забудоўшчык – гродзенская кампанія “ВТБКОМ” – лічыць, што асноўнымі гасцямі наведнікамі рэстарана стануць студэнты. У ваколіцы знаходзіцца некалькі студэнцкіх інтэрнатаў і медуніверсітэт.
Чытайце таксама: Замест спрэчнага шматпавярховіка на кальцы Горкага-БЛК запланавалі рэстаран
Пабудуюць за год
Калі праект без затрымак пройдзе экспертызы і ўзгадненні, то рэстаран пачнуць будаваць ужо ў канцы 2023 года. Пабудаваць установу плануюць за 12 месяцаў.
Хто будуе рэстаран
У ліпені 2022 года ўчастак побач з крамай “Фіялка” выкупіла гродзенская кампанія “ВТБКОМ”. Гэта кампанія валодае гандлёвым цэнтрам на праспекце Касманаўтаў, 11. Зараз там размяшчаецца Burger King, «Додо Пицца», а таксама шэраг крамаў.






