Брэнд заплечнікаў і аксесуараў Vokladki стварыў заплечнік-рол з выявай гродзенскай пажарнай каланчы. Яго прэзентавалі ў Instagram 16 траўня. Гродзенскі прынт стаў першым нямінскім малюнкам на заплечніках брэнда.
Фармат заплечніка — рол-міні. Трапіць у асноўнае аддзяленне можна збоку або праз верх. Ёсць дзве невялікія кішэні на маланцы на адным баку і на спінцы. Можна рэгуляваць аб’ём заплечніка за кошт рэгулявання зашпілек. Ва ўшчыльненай мяккай ізаляванай кішэні можна насіць ноўтбук памерам 13−14 цаляў. Дапушчальная нагрузка — 6 кг, аб’ём — 10 л.
На заплечніку можна ўбачыць пажарную каланчу на Замкавай вуліцы. Малюнак дапоўнены дрэвамі і стылізаванымі рыбамі. Цана заплечніка ў інтэрнет-краме — 120 рублёў.
Заснавальнік брэнда Vokladki нарадзіўся ў Гродне
Раней брэнд ужо выпускаў заплечнікі з урбаністычнымі матывамі, але ўсе яны былі пра Мінск. У інтэрнэт-краме ёсць заплечнікі-роллы «Зыбіцкая», «Чыжоўка», «Чырвоны дворык», «Кастрычніцкая».
Тое, што першым з абласных цэнтраў на заплечніках з’явіўся менавіта Гродна, звязана з заснавальнікам брэнда. Стваральнік Vokladki Фёдар Шылін нарадзіўся ў Гродне.
Мяркуючы па каментарах, пакупнікі вельмі чакалі нямінскі прынт. Зараз падпісанты прапануюць выпусціць магілёўскія і брэсцкія заплечнікі Vokladki.
Чытайце таксама: Шоурум гродзенскага брэнда Zvonkomadewithlove адкрылі на Замкавай
Пра Vokladki
Брэнд Vokladki стварыў у Мінску ў 2012 годзе Фёдар Шылін. На старце Фёдар шыў вокладкі дома і прадаваў праз групу Вконтакте. Сёння галоўная прадукцыя брэнда — заплечнікі. Таксама ў краме можна купіць футаралы для ноўтбука, пасавыя сумкі, кашалькі, касметычкі, вокладкі для дакументаў.
Нядаўна Vokladki зрабілі калабарацыю з клінікай жаночага здароўя і выпусцілі футарал для пракладак і тампонаў. У Instagram брэнда можна знайсці футаралы для шаурмы і стагі сена, пахаванне заплечніка ці твар Ван Гога у шоперы.