Комплекс з двух жылых дамоў, якія зробяць з казармаў XIX ст. пасля рэканструкцыі, назвалі Double V. Яго пазіцыянуюць як клубны. Двор будзе не проста закрыты ад машын, а закрытай тэрыторыяй з зонай адпачынку.

UPD. 10 чэрвеня «Палессежылбуд» паведаміла, што назву комплекса зменяць з Double V на «Аляксандраўскія». Гэта гістарычная назва гэтых казармаў, якая выкарыстоўвалася яшчэ ў царскія часы. «Важным складнікам рэканструкцыйных работ з’яўляецца захаванне гісторыі і яе інтэграцыя ў сучаснае архітэктурнае аблічча гарадской прасторы» — адзначылі ў архітэктурнай майстэрні «Палессежылбудпраект».

Што такое клубны дом?

Пад клубнымі дамамі на постсавецкай прасторы звычайна маюць на ўвазе элітную нерухомасць, адзначае канал Urban Hrodna.

Такая нерухомасць можа ўключаць ад 5 да 30 кватэр. Мяркуецца, што будучых суседзяў можна выбіраць, прынамсі, яны належаць да аднаго сацыяльнага класу. Часта клубныя дома выкупляюць ужо знаёмыя паміж сабой людзі. Раней падборам будучых жыхароў займаліся агенцтвы, нават ладзілі сумоўі з пакупнікамі. Зараз фільтрам выступае хутчэй кошт. Зазвычай планіроўку кватэр узгадняюць з будучымі пакупнікамі.

Сярод рысаў клубнага дома:

  • адметныя архітэктура і дызайн,
  • зручнае размяшчэнне,
  • добрая інфраструктура.

У інфраструктуру клубнага дома могуць уваходзіць камінная зала, басейн, сауна, курыльня, фітнес-зала, більярдавая, артэзіянская свідравіна, пральня. Усё, што знаходзіцца на тэрыторыі такога дома, даступна толькі яго жыхарам.

Што праектуюць у казармах

Кожны з дамоў - былых казарм — будзе падзелены на 3 секцыі (пад'езды) з асобным уваходам і лесвічным маршам. На Шчорса, 2 плануюць размясціць 30 кватэр, на Шчорса, 4 — 45 кватэр. У кожным з будынкаў будзе ўбудаваны гараж на 12 месцаў.

  • У 1-й секцыі 1-га паверха размешчаны 2 аднапакаёвыя кватэры-студыі па 31 і 41 кв.м, двухпакаёвая кватэра ў 51 кв.м і трохпакаёвая двухбаковая кватэра ў 74 кв. м.
  • 2-я (цэнтральная) секцыя 1-га паверха ўключае парадны ўваход. Тут размяшчаны 3 аднапакаёвыя кватэры ад 30 кв.м і 4 трохпакаёвыя кватэры ад 71 кв.м2, дзве з якіх двухбаковыя.
  • У 3-й секцыі размешчаны 2 аднапакаёвыя кватэры-студыі па 31 і 41 кв.м, двухпакаёвая кватэра ў 51 кв.м і трохпакаёвая двухбаковая кватэра ў 74 кв.м.
План дома на Шчорса
План першага паверха. Крыніца: PObudowa.by

Нулявы (паўпадвальны) паверх зоймуць убудаваныя гаражы. Раней на ім абяцалі захаваць аўтэнтычную цэглу. Балконы 1-га паверха дома № 4 утвораць над імі тэрасу. Выхад на яе будзе толькі з трохпакаёвых кватэр. У доме № 4 будзе мансардны жылы паверх.

Вышыня столяў 1-га паверха — 3,8 м.

Панарамныя вокны супярэчаць гістарычнаму выгляду

У апартаментах прадугледжаны вялікія панарамныя вокны. Аўтэнтычныя вокны вырашылі пашырыць насуперак гістарычнай адпаведнасці будынкаў XIX ст. Пры тым да рэканструкцыі казармы дайшлі ў сваім арыгінальным выглядзе, што вельмі рэдкая ў Беларусі з’ява. Заўвагі гісторыка Мечыслава Супрона на этапе грамадскіх абмеркаванняў праекта гарадскія ўлады не ўлічылі.

Казармы на Шчорса пасля рэканструкцыі стануць клубнымі дамамі. Што гэта такое?
Былыя казармы да рэканструкцыі. Фота: Яндэкс.Карты

Працы планавалі пачаць у лютым і завяршыць цягам 2023 г.

Кампанія-забудоўшчык — PObudowa («Палессежылбуд»). Яны выкупілі казармы ў 2022 годзе са зніжкай у 80%.

На пакупку кватэр у будучым ЖК ужо вядуць папярэдні запіс, хаця коштаў яшчэ няма. Кампанія таксама будуе ў Гродне квартал «Аўгустоўскі» ў Баранавічах-9 каля вуліцы Ткацкай (траса ў бок Аўгустоўскага канала) і збіраецца будаваць двухсекцыйную высотку на Магістральнай. Нядаўна кампанія выкупіла Дом афіцэраў, які да таго спрабавалі прадаць больш за 20 разоў.

Да праектаў «Палессежылбуда» ёсць шмат пытанняў. Кампанія будуе і рэканструююе будынкі ў розных гарадах Беларусі. Часам — зусім не згодна з іх пачатковым выглядам, нават калі яны размешчаны ў гістарычным цэнтры горада.