Фірма-забудоўшчык з Брэста абвесціла конкурс на назву новага жылога комплекса на Магістральнай. Хочуць “даць гучную назву, якая запомніцца жыхарам і гасцям горада”. Сярод варыянтаў – гістарычныя асобы, звязаныя з Гроднам, ЖК “Бугорок” і “станоўчыя прыгожыя словы”.
Конкурс на назву заўважыў канал Urban Hrodna. Варыянты брэсцкая фірма PObudowa прапануе пісаць у каментары пад пастом у сваім канале. Вось якія назвы ўжо прапанавалі падпісанты (напісанне захаванае):
- “Бона Сфорца” і “Витовт, Баторий, Тизенгауз, Де Сакко, Жилибер, Бакст, Заменгоф”;
- “Магистр” (і падобныя: “Гродно Магистраль”, «Магистральный», «На Магистральной», “МАГиСТР” );
- “Саграда”, “Ратушь”, “Сириус”, “Мистраль”, “Престиж”, “Талисман”, “Особенный”, “Фэнтези”, “Мальдивы”, “Фрегат”, “Мечта”, “Факел”, “Полонез”, «Мегаполис», “Comfort”/”Комфорт”, ГРАНД «GranDee»;
- ЖК “Бугорок”;
- “Капитал )))”, “Літвіны”;
- “Положительные красивые слова: Апрель, Абрикос, Весна, Август (+ доп. ассоциация с королем, жившим в Гродно)”;
- “Великие личности, чьи имена легко запомнятся: Коперник, Фарадей, Чайковский”;
- “С небольшой претензией на престижность: Легенда, Аквамарин, Зодиак”.
Конкурс на назву працягнецца да 20 траўня. Абіраць будзе забудоўшчык. Удзельніку, чыю назву абяруць, абяцаюць падарыць дызайн-праект любога памяшкання.
“Гродна ўжо мае на памяць ад брэсцкіх дызайнераў (іншых) сімвал горада – скандальнага цюленя-аленя“, – нагадваюць ў канале і заклікаюць гродзенцаў прапаноўваць свае назвы.
Якім будзе комплекс на Магістральнай
Комплекс пабудуюць каля паліклінікі №5. Цагляны 10-павярховы дом будзе складацца з 2 сумежных секцый, якія ўтвораць закрытую дваровую прастору. Будзе 3 пад’езды. Кватэры – ад 38 да 80 кв.м. Частка кватэр будзе са свабоднай планіроўкай.
Жылы дом будзе з памяшканнямі для мыйкі лапаў жывёл і пакоямі маці і дзіцяці. У каларыстыцы, размяшчэнні вокнаў і сілуэце будынка архітэктары спрабавалі пераасэнсаваць архітэктурную спадчыну Гродзенскай вобласці: Мірскі замак, царкву ў Мураванцы, Стары замак у Гродне.
На першым паверсе размесцяць офісы, памяшканне таварыства ўласнікаў, вазковыя, памяшканні для мыйкі лапаў жывёл і для прыборачнага інвентара, пакоі маці і дзіцяці і электрашчытавую. У будынку планавалі 135 кватэр агульнай плошчай 6223,56 кв.м. Паркоўку праектавалі на 138 машына-месцаў.
Будаўніцтва плануюць пачаць летам 2023 года і завяршыць у 2024 годзе.




