«Партал у Ірландыю» абяцаюць адкрыць у Гродне на Карла Маркса, 24. Дату адкрыцця яшчэ не назвалі. У ірландскім пабе будзе гучаць джаз і лаундж, а для гасцей прапісалі правілы. Раней на гэтым месцы была піцэрыя «Папа Джонс», потым — індыйскае кафэ «Ганга». Цяпер яно закрытае, а фірма — у працэсе ліквідацыі.

Harat’s pub — сеткавая ўстанова з расійскімі каранямі. Пра сябе паб піша, што гэта — самая вялікая сетка ірландскіх пабаў у свеце. Абяцаюць лепшае сабранне піва і віскі і наяўнасць Jägermeister. Першы паб сеткі адкрылі ў 2009 годзе ў Іркуцку. Цяпер іх больш за 80. Установы сеткі ёсць у Казахстане, Расіі, Сербіі, Славеніі, Харватыі і Кіргізіі. Таксама ёсць адна ўстанова ў Маямі, ЗША.

У Беларусі першы паб сеткі з’явіцца ў Гродне.

Пакуль у профілі паба распавядаюць цікавыя факты пра Ірландыю, праводзяць лікбез па віскі і Jagermeister, тлумачаць адрозненні паміж англійскімі і ірландскімі барамі. Таксама прапануюць зрабіць кактэйлі з фільмаў.

Мерапрыемствы ў Harat's pub

У VIP-пакоі паба будуць праходзіць мерапрыемствы жаночага клуба Lady Pro. Там жанчыны будуць размаўляць аб бізнэсе, "павышаць энергію і рэсурсы", паляпшаць знешнасць і мець зносіны.

Кожны аўторак у пабе будзе выступаць піяніст Арсень Сакалоўскі. Ён будзе граць у стылі джаз (музыка, якая склалася пад уплывам афрыканскіх рытмаў далёка ад Ірландыі - Hrodna.life) і лаундж (лёгкая фонавая музыка для гасцініц і кафэ - Hrodna.life). Вакалістка Ангеліна Белановіч рыхтуе спецыяльную праграму для гасцей паба. Яна таксама выканае вядомыя хіты ў стылі джаз і лаундж.

Правілы Harat's pub

Harat's pub таксама прапісаў свае правілы. Сумным наведвальнікам прапануюць плаціць за суседні столік. Да кліентаў звяртаюцца на ты і кажуць ім "чэл", прапаноўваючы быць "на адной хвалі".